„Мяшкоў Брэст” выйграў першы чвэрцьфінал SEHA-лігі



Гандбалісты клуба „Мяшкоў Брэст” пераможна правялі гасцявы чвэрцьфінальны паядынак SEHA-лігі з паўночнамакедонскім клубам „Еурафарм” – 31:27. Матч у адказ адбудзецца 29 жніўня ў Берасці. У выпадку поспеху па суме дзвюх сустрэч берасцейцы выступяць у „фінале чатырох” гэтага турніру, які пройдзе ў харвацкім Задары.

Зборная Беларусі прайграла Швейцарыі на чэмпіянаце свету па пляжным футболе

Зборная Беларусі згуляла з камандай Швейцарыі ў матчы групавога раўнда чэмпіянату свету па пляжным футболе. Наша каманда саступіла з лікам 3:7, прычым выйгравала па ходу матча 3:1 пасля галоў Новікава, Гардзецкага і Гапона. Пасля двух матчаў у беларусаў 1 ачко і другое месца ў групе пасля Швейцарыі.

„Нёман” на выездзе забіў чатыры мяча „Мінску”

„Нёман” на выездзе забіў чатыры мячы „Мінску” у матчы 20-га тура вышэйшай лігі. Галы забівалі Джыгера, Жукоўскі, Шукураў і Сучкоў. „Энергетык”-БДУ згуляў унічыю з БАТЭ – 1:1. Берасцейскае „Дынама” адыгралася з ліку 0:2 і дзякуючы голу Шасцюка і дублю Сядзько ўзяло верх над „Тарпеда-БелАЗ” 3:2.

„Чэлсі” перамог „Арсенал” у цэнтральным матчы Прэм’ер-лігі

У матчы другога тура англійскай Прэм’ер-Лігі „Чэлсі” сустрэўся з „Арсеналам”. Лік у матчы быў адкрыты на 15-й хвіліне дзякуючы голу Рамэлу Лукаку, якому асіставаў Рыс Джэймс. Гэты мяч стаў першым для бельгійскага форварда ў футболцы „Чэлсі”, хоць сваю першую гульню за сініх ён правёў яшчэ ў 2011 годзе. На 35-й хвіліне перавагу „Чэлсі” ў матчы падвоіў сам Рыс Джэймс, галявая перадача на рахунку Мэйсана Маунта. „Манчэстар Юнайтэд” у гасцях згуляў унічыю з „Саўгемптанам”. Найперш здарыўся аўтагол Фрэда, а ў другім тайме Грынвуд аднавіў раўнавагу 1:1. „Вулверхэмптан” на сваім полі саступіў „Тотэнхэму” з лікам 0: 1. У матчы другога тура нямецкай Бундэслігі „Баварыя” з цяжкасцю, але абыграла „Кёльн” 3:2. У складзе мюнхенцаў на 50-й хвіліне Роберт Левандоўскі адкрыў лік, а Серж Гнабры зрабіў дубль і дапамог „Баварыі” вырваць тры ачка. У чэмпіянаце Італіі „Ювентус” не змог абыграць „Удзінэзэ” 2:2.

Беларускі лёгкаатлет Раман Хартановіч выйграў бронзу юніёрскага ЧС у Кеніі

Беларускі лёгкаатлет Раман Хартановіч выйграў бронзавы медаль юніёрскага (U-20) чэмпіянату свету ў кіданні дыска. Турнір завяршыўся ў кенійскім Найробі. Каб трапіць у тройку прызёраў беларус усталяваў асабісты рэкорд, які з гэтага часу роўны 62 метры 19 сантыметраў. Золата выйграў літовец Мікалас Алякна. Сын легендарнага дыскабола Віргіліюса Алякна змог ўсталяваць рэкорд турніру, адправіўшы снарад да адзнакі 69 метраў 81 сантыметр.

Шведскі форвард Марыё Кемпа зменіць ЦСКА на мінскае „Дынама”

Тэрмін дзеяння кантракта будзе разлічаны на адзін сезон, паведамляе телеграм-канал „Хакейны Бульбаш”. Форвард выступаў за ЦСКА апошнія два сезоны. У мінулым рэгулярным чэмпіянаце Кемпа правёў 34 сустрэчы і набраў у іх 22 (11 + 11) ачкі, піша „Прессбол”.

Беларускія хакеісткі выйгралі ЧЕ ў другім дывізіёне

Беларускія хакеісткі сталі пераможцамі чэмпіянату Еўропы па хакеі на траве ў другім дывізіёне. У вырашальным паядынку турніру беларускі перамаглі каманду Францыі. Вырашальнае ўзяцце брамкі здарылася на 53-й хвіліне сустрэчы. Пасля розыгрышу штрафнога кутавога вызначылася Яўгенія Піліпавіч. Дзякуючы гэтаму выніку жаночая нацыянальная каманда па хакеі на траве атрымала права згуляць у кваліфікацыі да Кубка свету, які пройдзе з 1 па 17 ліпеня наступнага года ў Іспаніі і Нідэрландах.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя