На Аўгустоўскім канале прайшоў веламарафон „Суседзі”



Ля Гародні, у зоне Аўгустоўскага каналу, прайшоў роварны марафон „Суседзі”. Гэта ўжо  сёмае міжнароднае спаборніцтва сярод аматараў. Ужо некалькі гадоў колькасьць удзельнікаў дасягая сямі сотняў з Беларусі, Польшчы, а таксама некаторых краінаў суседзяў.

Кажа дырэктар маратону Аляксандар Фядотаў:

– Мы вельмі стараемся, каб марафон “Суседзі” не стаў выключна спартовым мерапрыемствам. А каб ён заставаўся ў першую чаргу аматарскім. Менавіта для людзей, якія ніколі не ўдзельнічалі ў спаборніцтвах. Канешне, паступова прыязджае ўсё больш падрыхтаваных людзей. Але аматары застануцца нашай мэтавай групай.

Сярод удзельнікаў шмат тых, хто прыязджае сем’ямі. Ужо некалькі гадоў у марафоне ўдзельнічае Генрык.

Ягоная  дружына, якая складаецца са сваякоў, прыехала са Слоніма, ва ўласнай форме.

– Я з 2014 года ўдзельнічаю. Ездзім цэлай сям’ёй. У гэтым годзе наша каманда складаецца з 15 чалавек. Прыехалі сюды на чатырох машынах.

Пераможцамі  Марафону сталі менчукі: сярод мужчын – Міхаіл Бісага, а сярод жанчын перамагла Юля Цэлагуз. Паўмарафон выйграў гарадзенец Ягор Прасфірын. 

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара