На чэмпіянаце Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ вызначаны першыя пераможцы
На чэмпіянаце Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ, які стартаваў на базе РЦАП па вяслярных відах спорту ў Заслаўі, вызначыліся медалісты ў чатырох відах праграмы. У спаборніцтвах байдарак-адзіночак у жанчын на дыстанцыі 500 м не было роўных Вользе Худзенцы з дружыны Гомельскай вобласці, якая паказала на фінішы час 1 хвіліна 58,996 секунды. На другім месцы завяршыла спаборніцтвы яшчэ адна прадстаўніца Гомельшчыны Марына Літвінчук. Замкнула тройку наймацнейшых Аліна Світа з Гарадзенскай вобласці.
У аналагічным выглядзе праграмы ў мужчын першынстваваў Мікіта Борыкаў з Гомельскай вобласці з вынікам 1 хвіліна 45,130 секунды. Другім прыйшоў да фінішу мянчук Дзмітрый Натынчік. Трэцяе месца заняў таксама атлет з Гомельскай вобласці Павел Мядзведзеў.
У спаборніцтвах канаістаў на 1000 м трыумф святкаваў мянчук Максім Крысько, які пераадолеў спаборніцкую дыстанцыю за 4 хвіліны 233 секунды. Следам да фінішу прыйшоў спартовец з дружыны Магілёўшчыны Максім Пятроў. Трэцяе месца ў атлета з Гарадзенскай вобласці Мікіты Рудзевіча. Старты канаістак на 500 м завяршыліся перамогай Вольгі Клімавай з каманды Мннскай вобласці. Яе вынік – 2 хвіліны 22,453 секунды. Срэбра ў спартоўкі з Берасцейскай вобласці Аляксандры Калаур. Замкнула тройку лідараў Ангеліна Бараноўская.
Чэмпіянат Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ завершыцца 2 жніўня. З-за эпідэміялагічнага становішча было вырашана праводзіць рэгату без заўзятараў на трыбунах.
Менскае «Дынама» рассталася з беларускім хакеістам
Менскае «Дынама» паведаміла аб скасаванні кантракта з беларускім нападнікам Дзмітрыем Жэўнероўскім. Жэўнероўскі папоўніў склад «зуброў» у чэрвені 2019 года, але ў асноўным выступаў за фарм-клуб – менскае «Юнацтва», з якім стаў чэмпіёнам Беларусі. У 43 матчах ён набраў 13 (7 + 6) ачкоў.
Тры гульца БАТЭ ўвайшлі ў зборную 19-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі
Капітан барысаўскай дружыны паўабаронца Ігар Стасевіч ужо ў шосты раз у сезоне трапіў у зборную. Ён жа прызнаны лепшым гульцом мінулага тура. Паўабаронца БАТЭ Станіслаў Драгун у чацвёрты раз уключаны ў каманду тура, нападнік Максім Скавыш – упершыню. У сімвалічнай зборнай яшчэ па два прадстаўнікі «Шахцёра» – Джасурбек Яхшыбоеў і Нікола Анціч, «Іслачы» – Мікалай Януш і Ягор Хаткевіч, «Тарпеда-БелАЗа» – Кірыл Прэмудраў і Віталь Усцінаў. Таксама ў сімвалічную зборную ўвайшлі Міха Гарапевшэк ( «Дынама», Менск) і Дыега Сантас («Віцебск»).
Трансферны камітэт «Лакаматыва» ўхваліў куплю Лісаковіча
Трансферны камітэт «Лакаматыва» ўхваліў набыццё трох футбалістаў.
Паводле інфармацыі «Спорт-Экспрэса», гэта форвард «Шахцёра» з Салігорску Віталь Лісаковіч, абаронца «Крылаў Саветаў» Віталь Лысцоў і форвард «Бардо» Франсуа Камаі.
Салігорскі «Шахцёр» можа сустрэцца з «Тотэнхэмам»
Зыход фіналу Кубка Англіі можа ў тым ліку вызначыць суперніка салігорскага «Шахцёра» ў 2-м кваліфікацыйным раўндзе Лігі Еўропы.
«Кананіры» фінішавалі ў чэмпіянаце Англіі восьмымі – і не прабіліся нават у Лігу Еўропы. Тым не менш еўралазейка ў іх засталася: лонданцы ўчапіліся ў Кубак, павалілі ў паўфінале «Манчэстэр Сіці» і ў суботу на «Уэмблі» разыграюць трафей з «Чэлсі». «Сінія» забяспечылі сабе Лігу чэмпіёнаў на наступны сезон, так што Кубак Англіі ім каштоўны выключна сам па сабе. «Арсенал» жа ў выпадку перамогі заробіць яшчэ і месца ў групе Лігі Еўропы. У выпадку паразы – прамая пуцёўка ў групу ЛЕ сыдзе «Тотэнхэму», а з 2-га кваліфікацыйнага раўнду стартуе «Вулверхэмптан», які завяршыў сезон сёмым. На адзін радок вышэй за «Арсенал».
Ёсць у фінале Кубка Англіі і беларускі інтарэс. Калі пераможа «Арсенал», то з 2-га кваліфікацыйнага раўнду стартуе «Тотэнхэм». Там ён, зразумела, апынецца сеяным і дакладна не сустрэнецца з БАТЭ і менскім «Дынама». А вось салігорскі «Шахцёр», чый еўрарэйтынг слабаваты, цалкам можа прывезці ў Беларусь брытанскага гранда. Галоўнае, каб самі гарнякі ня вылецелі ў 1-м раўндзе.
«Мілан» разграміў «Сампдорыя»
«Мілан» разабраўся з «Сампдорыяй» 4:1 у матчы 37-га тура чэмпіянату Італіі. У складзе міланцаў дублем адзначыўся Златан Ібрагімавіч.
«Лацыё» дзякуючы галам Карэа і Імобіле абыграла «Брэшыа» – 2:0
«Лацыё» з 78 ачкамі ідзе чацвёртым у турнірнай табліцы, у «Мілана» 63 балы і шостая пазіцыя.
У пяці іспанскіх клубах станоўчыя тэсты на каронавірус
Пяць іспанскіх клубаў абвясцілі аб новых выпадках станоўчых тэстаў на каронавірус. Раней аб адным станоўчым тэсце ў першай камандзе абвясціла «Севілья». Таксама заразіліся гульцы «Альмеры» і «Сарагосы». Выпадак заражэння каронавірусам зафіксаваны і ў «Дэпартыва». Да гэтага «Рэал» пацвердзіў, што COVID-19 выяўлены ў Марыяна Дыяса.
Сезон у чэмпіянаце Іспаніі ўжо завершаны, аднак «Рэал» і «Севілья» ўдзельнічаюць, адпаведна, у Лізе чэмпіёнаў і Лізе Еўропы. У Сегундзе ня згуляны матчы плэй-оф за выхад у элітны дывізіён. «Альмера» і «Сарагоса» павінны згуляць у паўфіналах за выхад у Ла лігу. Раней гэтыя матчы былі перанесены, – перадае sport-express.ru.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: БелТА
