На Еўра Англія прайшла Германію



Пасля панядзелкавага фэсту на футбольных палях Еўра, заўзятараў чакала класіка гульні – спатканне Англіі і Германіі. Нямеччына, калі даходзіла да стадыі 1/8 фіналу, ніколі не саступала. 29 чэрвеня на „Уэмблі” гэта здарылася. Англія перамагла –2:0 і выйшла ў чвэрцьфінал.

Гульні абедзвюх дружын відавочна бракавала крэатыўнасці. Англія, якая на гэтым Еўра не прапусціла аніводнага голу, зараз грунтуецца найперш на надзейнай абароне. За ўвесь матч немцы стварылі толькі два рэальныя моманты, але ў першым выпадку дружыну „трох ільвоў” выратаваў брамнік Пікфард, а пры ліку 1:0 на карысць гаспадароў поля, Томас Мюллер, якому заўсёды не шанцавала на чэмпіянатах кантыненту, не рэалізаваў выхад сам на сам.

Англія стварыла таксама мінімум момантаў, але двойчы святкавала поспех. На 75-й хвіліне трэці мяч на турніры пасля добрай перапасоўкі забіў Рахім Стэрлінг. А на 86-й нарэшце вызначыўся Хары Кейн, завяршыўшы камбінацыю ў сваім стылі – галавой.

Эпоха Яўхіма Лёва на чале бундэстым скончылася – гэты трэнер ажно 197 разоў кіраваў нацыянальнай зборнай Германіі. Напэўна гэта быў і апошні матч за зборную Томаса Мюллера.

Супернік Англіі па 1/4-й фіналу вызначыцца ў паядынку дзвюх жоўта-блакітных дружын – Украіны і Швецыі.

Беларускае Радыё Рацыя