“Нафтан” накаўтаваў берасцейскае “Дынама”



Трыма матчамі ў суботу пачаўся 19-ы тур футбольнага чэмпіянату Беларусі. Наваполацкі “Нафтан” у Берасці ўжо да 13-й хвіліны двойчы адправіў у накдаўн гаспадароў. Мячы забілі Руслан Гунчак (3-я хвіліна) і Валерый Жукоўскі (13-я). Жукоўскі (на фота) на гэтым не спыніўся і яшчэ ў першым тайме аформіў хет-трык (забіваў яшчэ на 34-й і 39-й). А ў другой палове на авансцэну выйшаў Ігар Крывабок, які таксама вытварыў “трук з капелюшом” (70-я, 86-я, 91-я). У выніку разгромныя 7:0 на карысць гасцей. “Нафтан” выйшаў на 3-е месца і па-ранейшаму прэтэндуе на бронзавыя ўзнагароды. У магілёўскім абласным дэрбі бабруйская “Белшына” прымала “Дняпро” – каманды разышліся мірам 0:0. На 11-й хвіліне гулец гаспадароў Мануэль Бледа не рэалізаваў пенальці. ФК “Слуцк” на сваім полі ў драматычнай канцоўцы адолеў жодзінскае “Тарпеда” – 2:1. Спярша гол на свой рахунак запісаў украінскі легіянер Андрэй Якаўлеў (82-я хвіліна). Потым забіў Вячаслаў Глеб, які выйшаў на замену і вызначыўся незадоўга да фінальнага свістка. Але гаспадары змаглі вырваць перамогу – аўтарам пераможнага акорду ў даданы час стаў Дзмітрый Алісейка. Беларускае Радыё Рацыя, фота www.pressball.by