Найлепшая абаронца Беларусі Настасся Новікава перайшла ў „Менск”



Кантракт з ЖФК „Менск” падпісала гулец нацыянальнай зборнай Беларусі Настасся Новікава. „23-гадовая ўраджэнка Гомеля апошнія два сезоны бараніла колеры сталічнага „Дынама”-БДУФК. Футбалістка двойчы заваёўвала залатыя медалі і выйгравала Кубак і Суперкубак краіны. У 2020 і 2021 гадах Новікава стала ўладальнікам „Зорнага мяча” ў намінацыі „Найлепшы абаронца”.

Рыгор Пякарскі не кваліфікаваўся ў паўфінал ЧС на кароткай вадзе ў ААЭ

Беларускі плывец Рыгор Пякарскі не кваліфікаваўся ў паўфінал чэмпіянату свету па плаванні на кароткай вадзе на дыстанцыі 100 м батэрфляем. Спартовец з Магілёўскай вобласці паказаў у прамежкавым пратаколе 23-і вынік. У вячэрняй частцы праграмы пройдуць фінальныя паядынкі на дыстанцыях 100 м брасам у мужчын і 100 м на спіне ў жанчын. У іх выступяць Ілья Шымановіч і Анастасія Шкурдай, якія прадстаўляюць Беларусь.

Беларускі цяжкаатлет Эдуард Зязюлін выйграў малую бронзу ў рыўку на ЧС

Беларускі цяжкаатлет Эдуард Зязюлін, які выступае ў вагавой катэгорыі звыш 109 кг, выйграў малую бронзу ў практыкаванні „рывок” і заняў чацвёртае месца ў класічным двуборстве на чэмпіянаце свету ў Ташкенце. Беларус паказаў вынік 447 кг (рывок – 206 кг, штуршок – 241 кг), пабіўшы нацыянальныя рэкорды як у кожным з двух практыкаванняў, так і ў суме двуборства. Чэмпіёнам свету стаў грузін Лаша Талахадзэ, які перапісаў тры сусветныя рэкорды, раней устаноўленыя ім жа на Алімпіядзе ў Токіа.

Экс-першая ракетка свету Плішкава не згуляе на Australian Open

Былая першая ракетка свету чэшская тэнісістка Караліна Плішкава не прыме ўдзел у Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі ў 2022 годзе. 29-гадовая спартоўка прапусціць турнір з-за траўмы. Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі пройдзе з 17 да 30 студзеня.