Нападнік Філіп Іваноў падпісаў кантракт з менскім „Дынама”



Форвард Філіп Іваноў падпісаў кантракт з менскім „Дынама”. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт клуба. Выхаванец „бела-блакітных” у мінулым сезоне за „Дынама” адыграў у 31-м матчы ў розных турнірах. Забіў 5 галоў, аддаў 6 галявых перадач.

Сяргей Верамко атрымаў пяціматчавую дыскваліфікацыю за нецэнзурную лаянку ў адрас арбітра Севасцьяніка

Дысцыплінарны камітэт АБФФ вынес вердыкт па эпізодзе матчу 17-га тура чэмпіянату Беларусі паміж менскім „Дынама” і „Менскам”. Па заканчэнні сустрэчы запасны галкіпер”гараджан” Сяргей Верамко ля ўваходу ў падтрыбуннае памяшканне ў нецэнзурнай форме абразіў галоўнага суддзю Віталя Севасцьяніка. У выніку на пасяджэнні варатару „гараджан” была выпісана пяціматчавая дыскваліфікацыя.

У паўфінале Кубка Беларусі па хакеі менскае „Дынама” згуляе з „Дынама-Маладэчна”, „Нёман” сустрэнецца з „Юнацтвам”

Прайшло лёсаванне Кубку Беларусі па хакеі. Па яго выніках прадстаўнік КХЛ „Дынама-Менск” сустрэнецца ў паўфінале 17 жніўня ў Оршы з сапернікамі з „Дынама-Маладэчна”, а дзеючы ўладальнік трафея „Нёман” згуляе з менскім „Юнацтвам”. Фінальны матч будзе праведзены 18 жніўня.

Беларускія баскетбалісты перамаглі швейцарцаў і згуляюць у суцяшальным турніры юнацкага ЧЕ

Баскетбалісты юнацкай зборнай Беларусі (U-16) атрымалі першую перамогу ў дывізіёне В чэмпіянату Еўропы, які праходзіць у чарнагорскай Падгорыцы. У заключным матчы спаборніцтваў папярэдняй групы С беларусы разграмілі каманду Швейцарыі з лікам 67:39 і занялі перадапошняе месца. Да гэтага яны прайгралі равеснікам з Чарнагорыі – 51:71, Даніі – 77:83, Ісландыі – 69:76 і Украіны – 65:86. У першым паядынку суцяшальнага турніру за 17-24-е месцы беларускія баскетбалісты будуць супернічаць са зборнай Аўстрыі.

Футбалісты БАТЭ і „Шахцёра” правядуць матчы ў адказ 3-га раўнда кваліфікацыі Лігі Еўропы

Беларускія футбольныя клубы правядуць сёння ў адказ паядынкі 3-га кваліфікацыйнага раўнду Лігі Еўропы. Футбалісты БАТЭ на поле „Барысаў-Арэны” прымуць чэмпіёна Босніі і Герцагавіны „Сараева”. Гульню, якая пачнецца а 20.00, будзе судзіць брыгада арбітраў з Нідэрландаў на чале з Кевінам Бломам. Тыдзень таму чэмпіёны Беларусі перамаглі з лікам 2:1. Калі БАТЭ пройдзе далей, то паспрачаецца за выхад у групавы этап з пераможцам пары „Астана” (Казахстан) – „Валетта” (Мальта). Цяжэй прыйдзецца салігорскаму „Шахцёру”, які ў першай сустрэчы саступіў на выездзе італьянскаму „Тарына” з лікам 0:5. Сёння а 20.00 на менскім стадыёне „Дынама” „гарнякі” паспрабуюць адыграцца. Сустрэчу будзе судзіць брыгада румынскіх рэферы, якую ўзначаліць Раду Пэтрэску.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя