Нарвежскія спартоўцы лідаруюць у медальным заліку пекінскай Алімпіяды



Спартоўцы зборнай Нарвегіі ўзначальваюць медальны залік XXIV зімовых Алімпійскіх гульняў. У скарбонцы беларускай каманды два срэбры. Беларускія заўзятары разлічвалі на паспяховы выступ мужчынскай каманды біятланістаў, але Мікіта Лабастаў, Дзмітрый Лазоўскі, Максім Варабей і Антон Смольскі апынуліся толькі на 8-м месцы ў эстафеце 4х7,5 км. У жаночым камандным турніры па канькабежным спорце беларускі Марына Зуева, Кацярына Слоева і Яўгенія Вераб’ёва занялі 7-е месца. У лідэра медальнага заліку каманды Нарвегіі зараз 26 узнагарод (12, 7, 7). Другой ідзе каманда Германіі – 18 (9, 6, 3), трэцяе месца займаюць спартоўцы ЗША – 17 (7, 6, 4). Беларусь з двума срэбранымі медалямі Антона Смольскага і Ганны Гуськовай знаходзіцца на 22-м месцы медальнага заліку.

Канадскія хакеісты сталі апошнімі чвэрцьфіналістамі алімпійскага турніру

Каманда Канады стала апошнім чвэрцьфіналістам мужчынскага хакейнага турніру Аліпіяды ў Пекіне. У заключным паядынку кваліфікацыі плэй-оф канадцы абыгралі дэбютантаў Гульняў кітайскіх хакеістаў з лікам 7:2. Па дзве шайбы ў складзе пераможцаў закінулі Джордан Уэл з казанскага „Ак Барса” і Адам Тамбеліні са шведскага клуба „Рэгле”. У паўфінале зборная Канады будзе сапернічаць са шведамі. Склады астатніх пар 1/4 фіналу: Данія – Расія, Славакія – ЗША, Швейцарыя – Фінляндыя. 

Вікторыя Азаранка прайграла ў 1/32 фіналу тэніснага турніру ў Дубаі

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка завяршыла выступы на турніры ў Дубаі з прызавым фондам 703 тысячы даляраў.  У 1/32 фіналу экс-першая ракетка планеты, якая займае зараз 17-е месца ў сусветным рэйтынгу, саступіла ў двух сэтах расіянцы Вераніцы Кудзерметавай, у якой 31-я пазіцыя ў рэйтынгу WTA, – 3:6, 4:6. Вікторыя Азаранка дапусціла сем падвойных памылак на падачы, пры ўсяго адной у суперніцы. Паядынак доўжыўся 1 гадзіну 27 хвілін.  

Сяргей Казека ўзначаліў „Крумкачы”

Сяргей Казека стаў галоўным трэнерам „Крумкачоў”, паведамляе афіцыйны сайт „крумкачоў”. Надыходзячы сезон стане першым для 35-гадовага спецыяліста ля руля „Крумкачоў”. Сяргей Казека нарадзіўся 17 верасня 1986 года ў Баранавічах. Там жа пачаў займацца футболам у мясцовай СДЮСШ-5. Першы трэнер – Валерый Чарняк. Выступаў на пазіцыі паўабаронцы за „Баранавічы”, „Гомель”, „Мінск”, жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ”, салігорскі „Шахцёр”, латвійскі „Спартак”, „Узду” і ўласна  „Крумкачы”. Двухразовы бронзавы прызёр чэмпіянату Беларусі, двухразовы ўладальнік Кубка Беларусі, уладальнік Суперкубка Беларусі, чэмпіён Латвіі. Сезон 2021 года Казека правёў на пасадзе асістэнта галоўнага трэнера „Крумкачоў”, а затым выконваў абавязкі галоўнага трэнера каманды.

„Манчэстэр Сіці” разграміў „Спортынг”, „Рэал” мінімальна саступіў „ПСЖ” у першых матчах 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў

Завяршыліся першыя матчы 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў. Футбалісты „Манчэстэр Сіці” у гасцявым матчы ўпэўнена разабраліся з лісабонскім „Спортынгам” 5:0 дзякуючы дублю Бернарду Сілву, а таксама галам Фодэна, Марэза і Стэрлінга  а „Рэал” мінімальна саступіў „ПСЖ” 0:1 пасля гола Кіліяна Мбапэ ў канцоўцы матчу. Рахунак на карысць парыжан мог быць і вялікім, але Месі не забіў пенальці на 61-й хвіліне сустрэчы ў сталіцы Францыі. Матчы ў адказ гэтых каманд у 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў пройдуць 9 сакавіка ў Манчэстэры і Мадрыдзе адпаведна.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]