Настасся Шкурдай выйшла ў фінал чэмпіянату свету на кароткай вадзе



Беларуская плыўчыха Анастасія Шкурдай выйшла ў фінал чэмпіянату свету на кароткай вадзе на дыстанцыі 100 м на спіне.

Яе вынік – 56,65 секунды. Гэты шосты час дня на дадзенай стадыі спаборніцтваў.

Ілля Шымановіч кваліфікаваўся ў фінальны заплыў на дыстанцыі 100 м брасам. Беларус паказаў трэці час сярод усіх удзельнікаў – 56,54 секунды. А вось Аліна Змушко паказала 14-ы час у сваім паўфінальным заплыве і засталася за межамі медальнага старту. Ураджэнка Гомельскай вобласці выступала на дыстанцыі 50 м батэрфляем. Беларуска паказала час 30,24 секунды.

Дынара Алімбекава заняла 6-е месца ў спрынце

Беларуска Дынара Алімбекава на чацвёртым этапе Кубка свету па біятлоне, які стартаваў у французскім Ансі ў спрынце прыйшла да фінішу з адставаннем ад пераможцы ў 34,7 секунды дапусціўшы адзін промах на стрэльбішчы і заняла шостае месца. У дзесятцы наймацнейшых фінішавала яшчэ адна прадстаўніца Беларусі Ганна Сола, якая заняла сёмую пазіцыю выніковага пратакола. Яна прайшла дыстанцыю з двума промахамі пры стральбе. Тройку наймацнейшых склалі нарвежка Марце Олсбю-Ройселан, францужанка Анаіс Бескон і аўстрыйка Ліза Тэрэза Хаўзэр. Напярэдадні таксама сталі вядомыя стартавыя нумары беларускіх біятланістаў у спрынце.

Першым з беларусаў пад трэцім стартавым нумарам выйдзе Антон Смольскі. Затым на лыжню адправяцца Дзмітрый Лазоўскі (21-ы), Раман Елетнаў (65-ы), Максім Верабей (88-ы) і Мікіта Лабастаў (110-ы). У заліку гэтага віду праграмы Кубка свету па біятлоне лепшы з беларусаў Дзмітрый Смольскі займае 15-е месца.

Хакеісты маладзёжнай зборнай Беларусі перайгралі аднагодкаў з Казахстана

Маладзёжная зборная Беларусі перайграла аднагодкаў з Казахстана ў матчы чэмпіянату свету па хакеі дывізіёна IA. Чацвёртая запар вікторыя была здабыта з лікам 4:2. Лепшы гулец беларусаў у гэтым матчы Ягор Чазганаў адзначыўся дублем, яшчэ па шайбе закінулі Сяргей Кузняцоў і Ягор Сідараў. Наступны матч турніру супраць Нарвегіі дружына Беларусі правядзе заўтра.

Хакеісты юніёрскай зборнай Беларусі абыгралі латышоў

Юніёрская зборная Беларусі па хакею святкавала другую перамогу на Еўрапейскім юнацкім алімпійскім фестывалі ў фінскім Вуакаці.

Пасля перамогі над расейцамі і паразай ад фінскіх аднагодкаў падначаленыя Андрэя Міхалёва дамагліся валявой вікторыі над камандай Латвіі 2:1. Беларусам дапамаглі шайбы Арсенія Каўгалені і Мікалая Цішкевіча. Наступным супернікам беларусаў сёння стане чэшская дружына.

Беларускія футбалісты даведаліся сапернікаў у Лізе нацый УЕФА

У штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне адбылося лёсаванне груп новага сезона Лігі нацый. Футбалісты зборнай Беларусі выступяць у трэцім па рангу дывізіёне – лізе С. У 3-й папярэдняй групе супернікамі беларусаў будуць каманды Славакіі, Азербайджана і пераможца матча паміж зборнымі Малдовы і Казахстана.
Сустрэчы групавога этапа пройдуць з чэрвеня па верасень наступнага года.

„Ліверпуль” дамогся валявой перамогі над „Ньюкаслам”

У матчы 17-га тура чэмпіянату Англіі па футболе „Ліверпуль” узяў верх над „Ньюкаслам” з лікам 3:1. Прапусціўшы мяч ужо на 7-й хвіліне сустрэчы „мерсісайдцы” намаганнямі Жоты і Салаха яшчэ ў першай палове выйшлі наперад, а напрыканцы матча кропку паставіў  Аляксандр-Арнольд. „Чэлсі” не ўтрымаў перамогу і згуляў унічыю з „Эвертанам” 1:1.

Тым часам англійская прэм’ер-ліга перанесла чатыры матчы чэмпіянату з-за ўспышак каронавіруса „Саўтгемптан” — „Брэнтфард”, „Уотфард” — „Крыстал Пэлас”, „Вест Хэм” — „Норвіч Сіці” і „Эвертан” — „Лестэр Сіці”.

Раней з-за ўспышкі каронавіруса была перанесена сустрэча „Манчэстэр Юнайтэд” — „Брайтан”, якая таксама павінна была прайсці ў суботу. Астатнія матчы павінны адбыцца згодна з раскладам.

Беларускае Радыё Рацыя