Беларускія хакеісты рыхтуюцца да ЧС



Нацыянальная зборная Беларусі па хакеі пачала заключны этап падрыхтоўкі да чэмпіянату свету, які з 1 па 17 траўня пройдзе ў Празе і Астраве. Пад кіраўніцтвам галоўнага трэнера Дэйва Льюіса адбыліся першыя дзве трэніроўкі каманды. Галоўны трэнер зборнай Беларусі адзначыў змены ў трэніровачным працэсе хакеістаў, выкліканых у трэнінг-кэмп.

„У чацвер на першых двух занятках каманда выканала вельмі вялікі аб’ём працы. Трэнер па фізпадрыхтоўцы Уладзімір Бурэ зусім інакш арганізаваў гэты працэс. Да пачатку чэмпіянату свету больш за месяц, таму маем дастаткова часу, каб падрыхтавацца да самага важнага старту сезона”, – сказаў Дэйв Льюіс. Таксама настаўнік нацыянальнай зборнай растлумачыў, хто яшчэ з гульцоў можа далучыцца да нацыянальнай каманды. „Некалькі гульцоў, на каго разлічваем, пакуль гояць траўмы, спадзяемся на прыезд Рамана Грабарэнкі з-за акіяна. Таксама тры-чатыры хакеісты будуць выкліканыя на збор з каманд, якія гулялі ў фінале чэмпіянату краіны. Не супраць прыехаць у Менск брамнік Кевін Лаланд, які цяпер у ЦСКА засяроджаны на фінале КХЛ у супрацьстаянні з „Сібір’ю”. На жаль, па сямейных абставінах прапусціць гэты чэмпіянат свету Джэф Плат„, – падкрэсліў трэнер.

Першы матч на чэмпіянаце свету Беларусь правядзе 2 траўня са зборнай Славеніі.

Беларускае Радыё Рацыя