Названы канчатковы склад зборнай Беларусі па біятлоне на ЧС у Аўстрыі



Трэнерскі штаб зборнай Беларусі вызначыўся са складам спартсменаў, якія выступяць на чэмпіянаце свету па біятлоне ў аўстрыйскім Хохфільцэне з 9 па 19 лютага.

У мужчынскую каманду ўвайшлі Уладзімір Чапелін, Дзмітрый Абашаў, Сяргей Бачарнікаў, Раман Ялётнаў, Максім Варабей.

У жаночую – Дар’я Домрачава, Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дар’я Юркевіч, Надзея Пісарава.

Асноўны склад жаночай зборнай Беларусі перад галоўным стартам сезона правёў падрыхтоўку ў Рупольдынгу. Трохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар’я Домрачава рыхтавалася да сусветнага форуму па індывідуальнай праграме ў італьянскім Антхольцы разам з мужам Уле-Эйнарам Б’ёрндаленам.

Арганізатары чэмпіянату заяўляюць аб гатоўнасці да турніру: абноўлены стадыён, які ўмяшчае 10,5 тыс. балельшчыкаў, на трасах укладзена дастатковая колькасць снегу – ад 30 да 50 см. Чакаецца, што спаборніцтвы наведаюць больш за 100 тыс. балельшчыкаў.

Асвятляць спаборніцтвы будуць больш за 200 журналістаў. Усе гонкі пакажа ў прамым эфіры тэлеканал „Беларусь 5”. Чэмпіянат свету па біятлоне ў Хохфільцэне адкрыецца 9 лютага змешанай эстафетай, а 10 лютага на старт выйдуць жанчыны, якія вызначаць мацнейшых у спрынце.

belta.by