Названы склад зборнай Беларусі на матчы кваліфікацыі жаночага ЧС па футболе



Галоўны трэнер жаночай зборнай Беларусі па футболе Юрый Малееў назваў склад на чарговыя адборавыя матчы чэмпіянату свету 2023 года.

Фота: ФК „Дынама”

У трэніровачны лагер выкліканы 22 гульцы. Сярод іх легіянеры брамнік Наталля Васкабовіч з піцерскага «Зеніта», абаронца Лізавета Гіба з маскоўскага «Лакаматыва» і Ганна Казюпа з іспанскага «Эспаньёла», паўабаронца Ганна Сас, якая выступае за нямецкі «Карл Цэйс», Анастасія Шлапакова з іспанскай «Сарагосы», Карына Альховік з італьянскага «К’ева» і Таццяна Краснова з расейскага «Растова». Найбольшае прадстаўніцтва з беларускіх клубаў мае «Менск» – 8 гульцоў.  Каманда збярэцца ў Менску 18 чэрвеня, а потым адправіцца у Бялград, дзе 24 чэрвеня правядзе свой пяты паядынак у кваліфікацыйнай групе С супраць каманды Чэхіі.

Ганчарэнка больш не разглядаецца ў якасці кандыдата на пасаду галоўнага трэнера „Нафтчы”

Азербайджанскі футбольны клуб „Нафтчы” вызначаецца з галоўным трэнерам каманды. На дадзены момант кандыдатаў на гэтую пасаду двое. Гэта Юры Вернідуб і Эртугрул Саглам. Такім чынам, у пуле кандыдатаў адсутнічае беларускі спецыяліст Віктар Ганчарэнка, на што зважае azerisport.com. Клуб назаве новага настаўніка каманды ў найбліжэйшыя суткі.

„Чайка” рассталася з Ігарам Стасевічам

Расейская „Чайка” рассталася з хаўбекам Ігарам Стасевічам пасля заканчэння кантракта экс-лепшага гульца Беларусі. Стасевіч правёў за „Чайку” 11 матчаў у ФНЛ-2 (Д3), у якіх забіў адзін мяч. Акрамя таго, на рахунку паўабаронцы адзін матч у Кубку Расеі. Стасевіч, які тройчы прызнаваўся лепшым футбалістам краіны, можа працягнуць кар’еру ў Казахстане. У паслугах футбаліста зацікаўлены два клубы з элітнага першынства гэтай краіны. Адзін з іх – „Мактаарал”.

Марозава і Крысціян прайгралі ў 1/4 фіналу тэніснага турніру ў Берліне

Беларуская тэнісістка Лідзія Марозава і амерыканка Кейтлін Крысціян не змаглі выйсці ў паўфінал парнага разраду турніру катэгорыі WTA-500 у Берліне з прызавым фондам 611 тысяч еўра. У чвэрцьфінале яны ўсяго за гадзіну саступілі ў двух сэтах канадска-мексіканскаму тандэму Габрыэла Даброўскі / Джуліяна Олмас – 4:6, 2:6.

Макрэцкая заваявала бронзу на турніры ў Краснаярску

Беларуская дзюдаістка Яна Макрэцкая заняла трэцяе месца на Усерасійскіх спаборніцтвах памяці В.Н. Гулідава Russian Judo Tour, якія праходзяць у Краснаярску. У паўфінале жаночага турніру ў вагавай катэгорыі да 63 кг Макрэцкая саступіла спартоўцы з Расеі Далі Лілуашвілі, а ў паядынку за бронзу ўпэўнена перамагла яшчэ адну расіянку Аляксандру Саян. Гэта ўзнагарода стала для беларускай каманды другой, раней срэбра ў вазе да 52 кг выйграла Ксенія Даніловіч.

У турніры на прызы Несцярэнкі ў Берасці прымуць удзел 250 лёгкаатлетаў

У адкрытым чэмпіянаце Берасцейскай вобласці на прызы алімпійскай чэмпіёнкі Юліі Несцярэнкі прымуць удзел 250 лёгкаатлетаў. Турнір пройдзе 16-17 чэрвеня, паведаміў БЕЛТА старшы трэнер нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы па Берасцейскай вобласці Аляксей Ясковіч.

На тэрыторыі вяслярнага канала Берасця пройдуць спаборніцтвы па кіданні молата і дыска. За астатнімі стартамі можна будзе паназіраць у спартовым комплексе „Брэсцкі”.

НХЛ забараніла прывозіць Кубак Стэнлі ў Беларусь і Расею

Нацыянальная хакейная ліга забараніла прывозіць Кубак Стэнлі ў Беларусь і Расею. За ганаровы трафей у фінальнай серыі пазмагаюцца „Каларада” і „Тампа”. За гэтыя клубы выступаюць чацвёра расіян. Традыцыйна кожны гулец каманды-пераможцы атрымлівае Кубак Стэнлі ў сваё карыстанне на некалькі дзён.”Ужо апавясцілі абодва клубы аб тым, што Кубак Стэнлі не паедзе ў Расею ці ў Беларусь сёлета, — кажа намеснік камісара НХЛ Біл Дэйлі. — Магчыма, у будучыні дамо гульцам такую магчымасць”. Кубак Стэнлі ў ліпені 2004-га прывозіў у Беларусь расейскі брамнік „Тампы” Мікалай Хабібулін. Наша краіна — радзіма яго жонкі. Таксама Хабібуліну перадалі, што кубак хацеў пабачыць у Менску Аляксандр Лукашэнка.

Беларускае Радыё Рацыя