Не стала Леаніда Гарая



На 83-м годзе жыцця памёр выбітны футбольны функцыянер Леанід Гарай, паведамілі ў Беларускай федэрацыі футбола.

Майстар спорту СССР, заслужаны трэнер БССР у футбол пачаў гуляць у Берасці ў школьнай камандзе ў 1953 годзе. Выступаў за менскія «Спартак» і «Беларусь». Таксама ў яго кар’еры значацца менская ФШМ, СКА (Мінск), «Спартак» (Берасце). Скончыўшы карʼеру, Леанід Паўлавіч на ўсё жыццё застаўся ў вялікім футболе. Трэніраваў берасцейскі «Спартак», быў начальнікам гэтай каманды. Затым стаў дырэктарам берасцейскай СДЮСШАР-5, начальнікам каманды «Дынама» (Берасце). Пасля Леанід Гарай на доўгіх 18 гадоў вярнуўся ў менскае «Дынама», стаўшы начальнікам каманды, а затым старшынёй клуба. Менавіта ў гэты перыяд дынамаўцы дасягнулі ўсіх значных вяршынь, выйграўшы чэмпіянат СССР 1982 года, і бронзу 1983-го. У пачатку 2000-х Леанід Паўлавіч актыўна працаваў у Беларускай федэрацыі футбола ў ролі начальніка аддзела нацыянальнай і юнацкіх зборных каманд, начальніка ўпраўлення зборных каманд. Гарай быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровым знакам асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола», зʼяўляўся кавалерам ордэна «Знак Пашаны».

Бельгійскі велагоншчык разбіўся на «Туры Польшчы»

Падчас трэцяга этапу «Тура Польшчы» разбіўся бельгійскі велагоншчык Бʼёрген Ламбрехт з каманды Lotto Soudal. Гоншчыка рэанімавалі і даставілі ў шпіталь на машыне хуткай дапамогі, аднак падчас аперацыі ён памёр. Бельгіец стукнуўся галавой аб бетонную трубу прыкладна за 100 км да фінішнай рысы на шляху з Хожува ў Забжэ. Бʼёрген Ламбрехт станавіўся чэмпіёнам Бельгіі ў групавой гонцы (сярод юніёраў) у 2015 годзе, срэбраным прызёрам на чэмпіянаце Еўропы ў 2016-м (групавая гонка U23) і срэбраным прызёрам на леташнім чэмпіянаце свету (групавая гонка U23).

Сасновіч прайграла Мёртэнс у Таронта Беларуска Вікторыя Азаранка і аўстралійская тэнісістка Эшлі Барці паспяхова стартавалі ў парным разрадзе турніру ў канадскім Таронта, У матчы 1/16 фіналу беларуска-аўстралійская пара ўсяго за 49 хвілін перайграла аўстралійскі дуэт Сторм Сандэрс / Моніка Адамчак – 6: 1, 6: 2 сёння ў 1/32 фіналу адзіночнага разраду Вікторыя Азаранка сустрэнецца з італьянскай тэнісісткай Камілай Джорджы. Яшчэ адна беларуска Арына Сабаленка згуляе з расіянкай Анастасіяй Паўлючэнкавай.Аляксандра Сасновіч прайграла на старце турніру катэгорыі «Прэмʼер» у канадскім Таронта з прызавым фондам больш за $ 2,8 млн. У паядынку 1/32 фіналу з бельгійкай Элізэ Мёртенс Аляксандра Сасновіч упэўнена выйграла першую партыю з лікам 6: 3. Затым суперніца перахапіла ініцыятыву і перамагла ў двух наступных сэтах – 6: 3 і 6: 1.

Трэці тур Кубка Салея У матчах трэцяга тура хакейнага Кубка Салея-2019 у групе «А» «Гомель» у авертайме зламаў супраціў «Лакаматыва» (4: 3), «Нёман» не меў праблем у матчы з «Магілёвам» (4: 0), базавы клуб моладзевай (U-20) зборнай спасаваў дома перад «Бабруйскам» (2: 4), а «Пінскія ястрабы» вырвалі вікторыю ў баранавіцкага «Авіятара» (3: 2). Салігорскі «Шахцёр» перамог дома базавы клуб юніёрскай (U-18) зборнай Беларусі (5: 2) і выйшаў у аднаасобныя лідары групы «Б» Кубка-Салея-2019. У двух матчах гульнявога дня маладзечанскае «Дынама» даціснула ў авертайме «Ліду» (5: 4), а «Хімік», адолеўшы «Брэст» (4: 2), святкаваў першую перамогу пад кіраўніцтвам Алега Хмыля.

Беларускі сустрэнуцца з іспанкамі на еўрабаскеце

Беларускія баскетбалісткі зведалі трэцюю паразу запар на маладзёжным чэмпіянаце Еўропы (U-20) у чэшскім горадзе Клатовы. У матчы 3-га тура папярэдняй групы В беларускі саступілі аднагодкам з Бельгіі з лікам 65:80. Самай выніковай у беларусак стала Арына Масько, якая набрала 21 ачко. Беларуская каманда заняла 4-е месца ў сваім квартэце і 7 жніўня ў паядынку 1/8 фіналу сустрэнецца з баскетбалісткамі Іспаніі, якія апынуліся першымі ў групе А.

Беларускае Радыё Рацыя