Неверагодны матч „Ягелоніі”



Суботнім вечарам 30 кастрычніка на беластоцкім стадыёне разыграўся сапраўдны футбольны спектакльз яркімі і супрацьлеглымі эмоцыямі. „Ягелонія”, якая ішла на 11-ым месцы ў турніры польскай экстра-клясы, прымала на сваім полі непасрэднага канкурэнта – „Пяст” з Глівіцаў. Сюжэт сустрэчы быў непрадказальным і матч урэшце завяршыўся з лікам 3:3. Пры тым суддзя, арыентуючыся на VAR не залічыў два галы гаспадароў арэны.

Фанаты „Пясту” вывесілі банэр у падтрымку барысаўскага БАТЭ – клубы даўно сябруюць

„Ягелонія” грала першым нумарам, але ў першай палове сустрэчы не здолела рэалізаваць свае моманты. Госці ж наадварот скарысталіся шанцамі напоўніцу. Першы мяч нарадзіўся ў выніку імклівай контратакі і ўзорнай рэалізацыі. Другі стаўся вынікам прагляду VAR і прызначэння пенальці. Так бывае ў футболе – як вобразна кажуць, адзін удар – два галы. 0:2 да перапынку, але „Яга” і не думала здавацца.

Пасля антракту тэхніка дапамагла на гэты раз ужо гаспадарам – Фёдар Чарных рэалізаваў 11-мятровы. На 63-й хвіліне пасля флангавай атакі Хесус Імас параўняў лік – 2:2. Услед „Ягелонія” забіла яшчэ раз, але радасць трыбунаў была азмрочана адменай голу з-за афсайду. Потым аналагічны выпадак паўтарыўся. На 83-й хвіліне ў выніку рыкашэту мяч адскочыў да Храпека, які сатварыў маленькі шэдэўр – 2:3. І яшчэ „Яга” засталася ў меншасці з-за выдалення. І ўсё ж гаспадары не маглі прайграць – было б занадта несправядліва. Ажно на 98-й хвіліне чарговая атака з левага флангу і навесу ў штрафную прывяла да пэўнай маральнай сатысфакцыі – Біда галавой пераправіў мяч у сетку – выніковыя 3:3.

„Ягелонія” – „Пяст” – 3:3 (Фёдар Чарных, 51-я, з пенальці, Хесус Імас, 63-я, Барташ Біда, 90+8; Аркадыюш Пырка, 22-я, Даміян Кёндзер, 41-я, з пенальці, Міхал Храпек, 83-я).

„Ягелонія” на сёння перамясцілася на 9-е месца, маючы 17 ачкоў. Наступны матч яна згуляе 5 лістапада ў Вроцлаве з мясцовым „Шлёнскам”. Гэтая каманда мае 20 пунктаў і ідзе на 5-ым месцы.

Х. Каменскі, Беларускае Радыё Рацыя