Футбольны Еўра набірае разгон



Зборная Нідэрландаў у матч 1-га тура групавога этапу чэмпіянату Еўропы на стадыёне «Ёхан Круіф Арэна» у Амстэрдаме абыграла зборную Украіны з лікам 3:2. Лік у матчы на 52-й хвіліне адкрыў Жаржыньё Вейналдум. На 59-й хвіліне аранжавыя падвоілі перавагу дзякуючы голу нападніка Воўта Вегорста. Інтрыга ў матчы была адроджана на 75-й хвіліне, калі Андрэй Ярмоленка нанёс прыгожы ўдар з сярэдняй дыстанцыі. Ужо на 79-й хвіліне Украіна зраўняла лік: Руслан Маліноўскі навесіў са штрафнога, а Раман Ярэмчук замкнуў падачу ударам галавой. Але апошняе слова ў матчы засталося за Нідэрландамі. На 85-й хвіліне Дэнзэл Дзюмфрыс забіў пераможны для сваёй каманды гол.

Зборная Украіны паўтарыла антырэкордную серыю з шасці паразаў на чэмпіянатах Еўропы. З 2012 года Украіна не можа набраць ачкі на Еўра. У 1968-1984 гадах аналагічная серыя была ў зборнай Югаславіі. У групе С, акрамя ўкраінцаў і нідэрландцаў, гуляюць нацыянальныя каманды Аўстрыі і Паўночнай Македоніі, вочнае супрацьстаянне якіх напярэдадні скончылася перамогай аўстрыйцаў з лікам 3:1. Такім чынам, Нідэрланды і Аўстрыя маюць у сваім актыве па тры ачкі, Македонія і Украіна – без ачкоў пасля першага тура.

У групе D матч паміж зборнымі Англіі і Харватыі ў Лондане на стадыёне «Уэмблі» завяршыўся перамогай ангельцаў з лікам 1:0.

Адзіны гол на 57-й хвіліне забіў форвард Рахім Стэрлінг.

Сёння на Еўра пройдуць яшчэ тры матчы

У 16:00 у Глазга пачнецца паядынак Шатландыя – Чэхія ў квартэце D.

У 19:00 у барацьбу ўступяць каманды з групы E. Спачатку ў Санкт-Пецярбургу будуць змагацца Польшча і Славакія, а ў 22:00 у

Севільі пачнуць высвятляць адносіны Іспанія і Швецыя.

Бразілія разграміла Венесуэлу ў матчы адкрыцця Кубка Амерыкі

У Бразіліа адбыўся матч-адкрыццё Кубка Амерыкі – 2021, у якім сышліся зборныя Бразіліі і Венесуэлы. Буйную перамогу ў матчы святкавалі гаспадары турніру – 3:0. Лік у матчы быў адкрыты на 23-й хвіліне сустрэчы абаронцам зборнай Бразіліі Маркіньясам. У другім тайме яго партнёр па «ПСЖ» Неймар падвоіў перавагу, рэалізаваўшы пенальці. На 89-й хвіліне канчатковы лік сустрэчы ўсталяваў форвард Габрыэль, які выйшаў на замену.

За некалькі дзён да матчу ў складзе зборнай Венесуэлы адбылася ўспышка захворванняў у выніку заражэння каранавірусам. За суткі да гульні з Бразіліяй каманду папоўнілі 15 гульцоў. У другім матчы Калумбія абыграла Эквадор – 1: 0. Аўтарам адзінага забітага мяча зборнай Калумбіі стаў Эдвін Кардонэ, які забіў на 42-й хвіліне матчу. Кубак Амерыкі, нагадаю, павінен быў першапачаткова праходзіць у Аргенціне і Калумбіі, аднак быў перанесены ў Бразілію ў сувязі з пратэстамі ў Калумбіі і небяспечнай эпідэміялагічнай сітуацыяй у Аргентыне. Раней паведамлялася, што зборная Бразіліі плануе байкатаваць Копа Амерыка, аднак каманда ўсё ж вырашыла прыняць удзел у турніры.

„Рух” разграміў „Тарпеда-БелАЗ” у матчы 12-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе

Футбалісты берасцейскага „Руху” разграмілі жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ” 3: 0 у апошнім матчы 12-га тура чэмпіянату Беларусі. Усе мячы сустрэчы ў Берасці былі забітыя ў другой палове: на 69-й хвіліне лік адкрыў Арцём Канцавы, потым Усевалад Садоўскі забіў другі гол, а ў кампенсаваны час канчатковы лік усталяваў Эліс Бакай.

У другім нядзельным паядынку „Іслач” у Маладзечна і берасцейскае „Дынама” разышліся мірам – 1:1. Раней лідэр першынства салігорскі „Шахцёр” святкаваў сваю 12-ю вікторыю запар, абыграўшы на сваім полі футбалістаў „Віцебска” з лікам 2:0. Барысаўскі БАТЭ, які ідзе другім, разграміў на сваёй арэне гасцей з гарадзенскага „Нёмана” – 3:0, а мінскае „Дынама” выйграла ў Рэчыцы ў мясцовага „Спутніка” – 5:0.

Вынікі астатніх матчаў: „Смаргонь” – „Слуцк” – 1:1, „Славія” (Мазыр) – „Мінск” – 1:2 „Энергетык-БДУ” – „Гомель” – 3:2.

Анастасія Пракапенка заваявала золата на ЧС па сучасным пяцібор’і ў Каіры

Беларуская спартоўка Анастасія Пракапенка заваявала залаты медаль на чэмпіянаце свету па сучасным пяцібор’і ў Каіры. Вынік пераможцы па выніках пяці відаў праграмы – 1353 ачкі. Другое месца ў францужанкі Элод Кловель з Францыі – 1341. Для беларускі гэта другая залатая медаль планетарнага форуму. У 2018 годзе ў Токіо яна таксама паднялася на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару. Анастасія Пракапенка таксама бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у Пекіне.

Гандбалісты „Барселоны” у дзесяты раз выйгралі Лігу чэмпіёнаў

Гандбалісты іспанскай „Барселоны” у дзесяты раз сталі пераможцамі Лігі чэмпіёнаў. У фінальным паядынку галоўнага клубнага турніру Старога Свету „Барса” упэўнена перайграла дацкі „Ольбарг” – 36:23. Для гандбалістаў „Барселоны” гэта 20-я вікторыя ў 20 праведзеных матчах цяперашняга сезону чэмпіёнскай Лігі. У чвэрцьфінале іспанская дружына двойчы абыграла чэмпіёнаў Беларусі гандбалістаў клуба „Мяшкоў Брэст” – 33:29 і 40:28.

Серб Новак Джокавіч ў другі раз выйграў „Ралан Гарос”

Сербскі тэнісіст Новак Джокавіч ў другі раз стаў пераможцам адкрытага чэмпіянату Францыі. У вырашальным паядынку мужчынскага адзіночнага разраду 120-га чэмпіянату Францыі першыя два сэты выйграў грэк Стефанас Цыцыпас – 7:6 (8: 6), 6:2 і для перамогі яму заставалася ўзяць усяго адзін сэт, але гэтага не здарылася. Лідар сусветнага рэйтынгу здолеў сабрацца і выйграў тры партыі запар – 6:3, 6:2, 6:4. Фінальны матч доўжыўся 4 гадзіны 12 хвілін. Для Новака Джокавіча гэта 19-ы тытул на турнірах серыі „Вялікага шлема” і 84-ы на прафесійных турнірах пад эгідай АТР.

Беларускае Радыё Рацыя