Новыя ліміты на легіянераў у беларускім хакеі
Выканкам ФХБ на пасяджэнні 31 сакавіка абмеркаваў абмежаванні ў заяўках каманд, якія прымуць удзел у наступным сезоне экстралігі. Замежных грамадзян у заяўцы каманд не можа быць больш за сем, у тым ліку пяць гульцоў не старэйшых за 25 гадоў і два легіянеры. Пры гэтым замежным грамадзянінам лічыцца гулец, які не мае права выступаць за нацыянальную зборную Беларусі. Узроставых хакеістаў у заяўцы каманды можа быць не больш за сем. Узроставым лічыцца гулец старэйшы 28 гадоў. Дазваляецца заяўляць не больш за аднаго замежнага брамніка, прычым без абмежавання максімальнай колькасці матчаў, якія ён мае права згуляць. Але заявачны ўнёсак за аднаго замежнага галкіпера складзе 15 000 рублёў, – паведамляе hockey.by.
„Ювентус” можа расстацца з Крышціяну Раналду
Партугальскі суперфорвард Крыштыяну Раналду можа пакінуць „Ювентус”. Турынскі клуб спрабуе знайсці выхад з цяжкай сітуацыі, у якую трапіла каманда ў сувязі з пандэміяй каронавіруса. „Ювентус” разглядае некалькі варыянтаў. Так, Роналду могуць прадаць у замежны клуб (форвард ацэньваецца ў 70 млн еўра). Таксама Роналду можа падоўжыць кантракт з клубам яшчэ на год, па гэтай дамове яго зарплата будзе істотна скарочана. У іншым выпадку Роналду застанецца ў Турыне да 2022 года, калі сканчаецца тэрмін яго дзеючага пагаднення. Раней стала вядома, што „Ювентус” дамовіўся з гульцамі аб скарачэнні заробкаў, дзякуючы гэтаму клуб зможа зэканоміць каля 90 млн еўра.
Сяміразовы чэмпіён Славакіі футбольны клуб „Жыліна” абвясціў аб банкруцтве і самаліквідацыі
Як інфармуе афіцыйны сайт „Жыліны”, працэс расфармавання клуба пачнецца ўжо 1 красавіка. Прычына няпростага рашэння – недахоп сродкаў да існавання.
„Стратэгія фінансавання клуба заснавана на выручцы ад продажу футбалістаў. Сёння больш чым верагодна, што даход ад летніх трансфераў будзе блізкі да нуля. Працэс ліквідацыі можа знізіць ціск, пад якім нам спатрэбіцца ў бліжэйшы час працаваць, – гаворыцца ў заяве клуба.
Беларус Ілья Усаў трапіў у абноўлены праддрафтавы рэйтынг НХЛ па версіі TSN
У чарговы версіі рэйтынгу праспектаў НХЛаўскага драфта-2020, які складае эксперт TSN Крэйг Батан, 101-е месца займае форвард „Прынс-Альберт” Ілля Усаў. У сваім першым сезоне ў Заходняй хакейнай лізе (WHL) 18-гадовы беларус набраў 52 (22+30) ачкі ў 58 матчах. Усяго ў спісе TSN – 103 хакеісты, кандыдаты на выбар у першых трох і пачатку чацвёртага раўндаў кірмашу талентаў.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
