„Нёман” двойчы тарпедаваў „Юнацтва”



Хакеісты „Нёмана” дамагліся другой выяздной перамогі над „Юнацтвам” з лікам 5:3 у фінальнай серыі экстралігі. На сёмай хвіліне першага перыяду Андрэй Міхноў рэалізаваў большасць гаспадароў пляцоўкі. Аднак яшчэ да перапынку госці вызначыліся двойчы. Спачатку Андрэй Коршунаў зраўняў лік, а перад самай сірэнай на перапынак Глеб Кліменка вывеў „Нёман” наперад – 2:1. Ледзь аднавілася гульня пасля паўзы, як Павел Баярчук павялічыў перавагу ў ліку гарадзенцаў. Шайбы Сяргея Шэлега і Аляксандра Каракулькі дазволілі „Юнацтву” вярнуць інтрыгу ў матч – 3:3. Але няўважлівыя дзеянні ў абароне не дазволілі менчукам змяніць ход паядынку. На 50-й хвіліне сустрэчы нападнік „Нёмана” Вячаслаў Лісічкін закінуў важную шайбу 4:3, а апошняя шайба сталася звышкур’ёзнай – менскі хакеіст закінуў яе ў сваю пустую брамку – 5:3.

Першая сустрэча, якая таксама адбылася на „Чыжоўка-Арэне”, завяршылася перамогай гарадзенцаў 2:0.  Фінальная серыя да чатырох перамог чэмпіянату Беларусі па хакеі ў экстралізе працягнецца ў Гародні 29 і 30 сакавіка.

Беларускае Радыё Рацыя