„Нёман” перамог венскіх „капіталістаў”



Хакеісты гарадзенскага „Нёмана” ў стартавым матчы Лігі чэмпіёнаў перамаглі ў авертайме аўстрыйскі клуб „Вена Кэпіталз”. Першы хатні паядынак у кваліфікацыйнай групе “С” чэмпіёны Беларусі пачалі вельмі добра – ужо праз 28 секунд пасля стартавага ўкідвання абаронца Андрэй Коршунаў адкрыў лік. Аднак бліжэй да першага перапынку госці не толькі адыграліся, але і выйшлі наперад – на 18-й хвіліне цягам 15 секунд Макгрэгар Шарп і Джэры Поластроун двойчы засмуцілі брамніка Віталя Труса.

У другім перыядзе каманды абмяняліся галамі на 36-й хвіліне – спачатку Міхаіл Стэфановіч аднавіў раўнавагу, а затым Кайл Клубертанц зноў вывеў „Вену” наперад – 3:2. У заключным перыядзе голавая перастрэлка працягнулася – Арцём Ляўшун параўняў лік, пасля чаго Сяргей Маляўка вывеў у лідары „Нёман”, але Раян Макірнан зноў аднавіў парытэт – 4:4, перавёўшы гульню ў авертайм.

На другой хвіліне дадатковага часу перамогу „Нёману” прынёс дакладны кідок Аляксандра Жыдкіх5:4. У другім туры „Нёман” 27 жніўня згуляе на сваёй пляцоўцы з швайцарскім „Цугам”. Гарадзенцы другі раз бяруць удзел у Лізе чэмпіёнаў. У 2015 годзе „Нёман” заняў 3-е месца ў сваёй групе.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фото: www.championshockeyleague.com