„Нёман” у меншасці перамог „Гарадзею”



Футбалісты гарадзенскага „Нёмана” перамаглі на выездзе „Гарадзею” з лікам 2:0 у матчы 11-га тура чэмпіянату Беларусі. У першым тайме супернікі шмат атакавалі, але не змаглі адкрыць лік. У пачатку другой паловы сустрэчы, на 50-й хвіліне госці засталіся ў меншасці пасля выдалення галкіпера Дзмітрыя Дударава. Аднак падначаленыя Алега Радушкі не змаглі рэалізаваць колькасную перавагу. Больш за тое, захапіўшыся нападамі, яны прапусцілі два мяча. На 67-й хвіліне гульні госці атрымалі права на пенальці, які рэалізаваў Гегам Кадзімян, а яшчэ праз 9 хвілін Міхаіл Яблонскі зняў усе пытанні пра пераможцу, забіўшы другі гол. Кадзімян пры гэтым дагнаў лідара бамбардзірскай гонкі Джасурбека Яхшыбоева з менскага „Энергетыка-БДУ” – у абодвух па сем забітых мячоў. У першай гульні дня жодзінскія тарпедаўцы перайгралі на сваім полі „Смалявічы” з лікам 2:1.

Каманда Аляксандра Хацкевіча можа адмовіцца ад удзелу ў РПЛ з-за фінансавых праблем

Кіраўніцтва валгаградскага футбольнага клуба „Ротар” абмяркоўвае магчымасць адмовы ад удзелу ў Расейскай прэм’ер-лізе, паведамляе „Савецкі спорт”. Калі такое рашэнне будзе прынята, то „Ротар” паўторыць лёс клуба „Хімкі”, які зняўся з РПЛ крыху раней. На канчатковае рашэнне можа паўплываць адсутнасць спонсарскай падтрымкі ў валгаградскага клуба. Раней паведамлялася, што для гульняў у расейскай прэм’ер-лізе „Ротару” трэба знайсці 1,38 млрд рублёў. У гэты каштарыс былі закладзеныя выдаткі на каманду „Ротар-2”, набыццё абсталявання, аўтатранспарту і іншыя артыкулы. У цяперашні час „Ротар” з’яўляецца дзяржаўнай аўтаномнай установай. Вылучыць такія грошы з бюджэту рэгіёну нерэальна. У перыяд пандэміі каронавіруса і эканамічнай нестабільнасці клубу пакуль так і не ўдалося займець фундатара. У гэтым сезоне „Ротар” вярнуўся ў РПЛ пасля 16-гадовай паўзы. Гісторыя валгаградскага клуба са зняццём з РПЛ не ўнікальная. Многія клубы сёння адчуваюць фінансавыя цяжкасці з-за сітуацыі з пандэміяй каронавіруса і выкліканымі ёю эканамічнымі наступствамі. Нагадаю, валгаградскі клуб узначальвае беларускі спецыяліст Аляксандр Хацкевіч.

„Гроднааблспорт” стаў уладальнікам Суперкубка Беларусі па пляжным футболе

У барацьбе за першы ў сезоне трафей чэмпіёны краіны абыгралі ўладальніка Кубка „Кіраўск-СДЮШАР” з лікам 6:2. На працягу двух перыядаў гульня была роўнай, і толькі ў заключнай трэці матчу гарадзенцы здолелі даціснуць супернікаў. Сёння і заўтра ў Шчучыне пройдуць стартавыя гульні XIII чэмпіянату Беларусі па пляжным футболе. Акрамя саіскальнікаў Суперкубка ў ім прымуць удзел „Брэст”, „Шчучын”, мазырскі „М-Сіці” і кобрынскі „Палессе”. Летась золата ў другі раз запар заваяваў „Гроднааблспорт”, срэбраным прызёрам стаў „Кіраўск-СДЮШАР”, бронза дасталася „Шчучыну”. У мінулым сезоне беларусы ўпершыню ў гісторыі прабіліся ў фінальную стадыю чэмпіянату планеты па пляжным футболе, у Еўралізе зборная Беларусі другі год запар заняла пятае месца сярод наймацнейшых каманд Старога Свету.

Бостанскі марафон адмянілі ўпершыню за 124 гады

Арганізатары адмянілі найстарэйшы марафонскі забег у свеце з-за немагчымасці выканаць правілы сацыяльнага дыстанцыявання. Аргкамітэт Бостанскага марафону прыняў рашэнне адмяніць забег, які на працягу апошніх 124 гадоў праводзіўся штогод, нягледзячы на дзве сусветныя вайны, вывяржэнне вулкана і пандэмію „іспанкі”. Сёлета марафон адмянілі, каб выканаць патрабаванні сацыяльнага дыстанцыявання і прадухіліць заражэнне ўдзельнікаў забегу каронавірусам. Гонка, у якой штогод удзельнічаюць 30 тысяч чалавек, раней ужо была перанесена з 20 красавіка на 14 верасня. Аднак арганізатары вырашылі і зусім адмяніць марафон, замяніўшы яго на віртуальнае мерапрыемства, удзельнікі якога будуць індывідуальна бегчы 42-кіламетровую дыстанцыю.

Беларускае Радыё Рацыя