„Нью-Джэрсі” абараніў Ягора Шаранговіча ад выбару на драфце пашырэння



Сталі вядомыя гульцы, якіх новая каманда НХЛ „Сіэтл Кракен” зможа забраць на драфце пашырэння. З’явіліся таксама спісы абароненых хакеістаў, якіх клубы адназначна хочуць пакінуць у сябе. У ліку абароненых хакеістаў „Нью-Джэрсі” беларускі форвард Ягор Шаранговіч. „Сіэтл” зможа абраць на драфце пашырэння 30 гульцоў, па адным ад кожнага клуба НХЛ (за выключэннем „Вегаса”). Цырымонія пройдзе 21 ліпеня.

Беларускія баскетбалісткі перамаглі партугалак на Кубку выкліку

Баскетбалісткі моладзевай зборнай Беларусі перамогай завяршылі групавы этап розыгрышу Кубка выкліку, які праходзіць у турэцкім горадзе Конья. У матчы 5-га тура папярэдняй групы С падначаленыя Надзеі Камянец абыгралі аднагодак з Партугаліі з лікам 63:54. Самай выніковай у складзе пераможцаў стала Яна Яхнавец, якая набрала 22 ачкі. Да гэтага беларускі пацярпелі паразы ад зборных Польшчы (53:71), Расеі (60:88), Турцыі (59:83) і Францыі (50:70). У выніку беларуская каманда фінішавала пятай, апярэдзіўшы толькі партугалак. На наступным тыдні ў аналагічным мужчынскім турніры ў венгерскім Шапроне беларуская „маладзёжка” згуляе з камандамі Венгрыі, Славакіі і Косава.

„Іслач” у трэці раз запар згуляла ўнічыю ў чэмпіянаце Беларусі

Футбалісты „Іслачы” у трэці раз запар згулялі ўнічыю – 1:1, у матчах чэмпіянату Беларусі. Гуляючы ў Мазыры з мясцовай „Славіяй”, прадстаўнікі Менскага раёна выйшлі наперад на 75-й хвіліне пасля дакладнага ўдару Алега Патоцкага. Аднак утрымаць перамогу гасцям не ўдалося – на 3-й кампенсаванай хвіліне гульні Дэніс Тэтэт зраўняў лік. У яшчэ адным нядзельным паядынку футбалісты „Віцебска” абыгралі ў сябе дома гарадзенскі „Нёман” з лікам 2:0. Абодва мячы гаспадары забілі ў другой палове сустрэчы – на 67-й хвіліне вызначыўся Руслан Цевераў, а праз 5 хвілін Дыега Карыока ўсталяваў канчатковы лік.

Шэсць плыўцоў зборнай Польшчы пакінулі Токіо з-за памылкі федэрацыі пры падачы заяўкі

Шэсць плыўцоў зборнай Польшчы былі адпраўленыя дадому з Алімпійскіх гульняў у Токіо, ледзь прыбыўшы ў японскі горад. Алісія Чурж, Барташ Пішчаровіч, Аляксандра Палянская, Матэуш Чаванец, Дамініка Касакоўска і Ян Холуб былі першапачаткова ўключаны ў склад 23 плыўцоў зборнай Польшчы на ​​Алімпійскія гульні ў якасці ўдзельнікаў эстафеты. Федэрацыя плавання Польшчы пацвердзіла, што перагледжаны алімпійскі склад будзе складацца ўсяго з 17 спартоўцаў. Польскія плыўцы негатыўна адрэагавалі на гэты інцыдэнт і ўжо падрыхтавалі ліст прэзідэнту федэрацыі плавання з просьбай падаць у адстаўку.

Беларускае Радыё Рацыя