Пачалася рэгістрацыя на міжнародны роварны марафон „Суседзі 2019”



Марафон мае адбыцца 20-га ліпеня ў раёне шлюза Дамброўка Гарадзенскага раёна. Сёлета адбудуцца некаторыя арганізацыйныя змены, сярод іх, новая траса „Fit”. Арганізатары падрыхтавалі чатыры трасы, на кожную фізічную падрыхтоўку, ад 72 кіламетраў да двух.

Кажа Іван Найдзёнаў, адказны з фундатарамі ад арганізатараў роварнага марафону:

– У гэтым годзе мы робім стартавыя пакеты на 900 удзельнікаў. І мы лічым, што каля гэтай лічбы будзе нашых удзельнікаў. Але мы таксама падрыхтаваныя, калі будзем бачыць, што шмат падаецца заявак, зрабіць гэтых пакетаў больш. А так лічым, што каля 800 чалавек прыме ўдзел у нашым марафоне.

Росту колькасці замежных удзельнікаў у марафоне „Суседзі” спрыяе роварны памежны пераход „Рудаўка-Лясная”, якім карыстаюцца тыя, хто хаця бы раз быў ужо ў Гародні. Бо „бязвіз” дае магчымасць засяродзіцца менавіта на роварным свяце, і не заязджаць у Гародню.

Кажа Іван Найдзёнаў:

– А той, хто ўжо не першы раз, а такіх людзей было вельмі шмат, яны скарысталіся гэтым пераходам «Рудаўка». І гэта ўсё хутка атрымалася ў людзей. Яны прыехалі на сваіх машынах да пераходу на польскі бок. І шмат літоўцаў таксама прыехала. Пакінулі свае машыны. Селі на ровары. Пяць кіламетраў праехалі да месца старта. Адганяліся. З’елі абед. Атрымалі ўзнагароды. Селі на роваты і паехалі дадому. І гэта ўсё хутка.

Зарэгістравацца да ўдзелу ў міжнародным роварным марафоне „Суседзі 2019” можна ўжо цяпер, на сайце таварыства „ВелаГродна”. Таксама арганізатары шукаюць валанцёраў дзеля арганізацыі і правядзення марафону.

[Not a valid template]

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя