Пачынаецца найбольшы аматарскі марафон «Налібокі»



20 траўня ў Беларусі пачынаецца самы вялікі аматарскі марафон «Налібокі». Каля вёскі Міжрэчча Валожынскага раёна збярэцца каля тысячы спартоўцаў-аматараў дзеля таго, каб прайсці роварныя і бегавыя дыстанцыі рознай ступені складанасці.

Дырэктар марафону Міхаіл Сідарук спадзяецца, што ў кожнага ўдзельніка застануцца толькі самыя добрыя ўражанні ад мерапрыемства.

— Асноўная ідэя марафона — правесці добрыя выходныя вясной, на свежым паветры. Марафон праводзіцца ўжо дзявяты раз, ёсць роварныя і бегавыя дыстанцыі на любы густ: роварныя 40, 100 і 200 кіламетраў, а бегавыя — 22, 43 і 100 кіламетраў. І мульцімарафон, дзе ёсць і ровар і бег і невялікі кавалак веславання. Чакаецца каля тысячы ўдзельнікаў, прырода абяцае добрае надвор’е.

Агульны працяг дыстанцыі марафона – каля 200 кіламетраў. Марафонскія трасы будуць пралягаць праз найпрыгажэйшыя мясціны Валожынскага, Стаўбцоўскага, Дзяржынскага і Менскага раёнаў.

Надзея Бялінская, Беларускае Радыё Рацыя