Падзел на шасцёркі блізкі



У футбольным чэмпіянаце Беларусі набліжаецца завяршэнне першага этапу і падзел на шасцёркі. Пасля перамогі над „Дэбрэцэнам” у Лізе чэмпіёнаў футбалісты барысаўскага БАТЭ не змаглі дамагчыся поспеху ў матчы роднага чэмпіянату. У гульні 20-га тура нацыянальнага першынства ў Наваполацку супраць мясцовага „Нафтана” барысаўцы адкрылі лік на 37-й хвіліне пасля ўдару Сяргея Крыўца, але ўжо праз 7 хвілін Андрэй Якімаў зрабіў лік нічыйным – 1:1. Да заканчэння сустрэчы вынік не змяніўся, а невялікім суцяшэннем БАТЭ стала тое, што Сяргей Крывец працягвае ўзначальваць спіс лепшых бамбардзіраў першынства, маючы ў сваім актыве 10 забітых мячоў. З вынікаў іншых матчаў адзначым гасцявую перамогу берасцейскага “Дынама” над магілёўскім „Дняпром” з лікам 1:0, мяч забіў Раман Васілюк. Унічыю з бабруйскай “Белшынай згуляў гарадзенскі „Нёман” – 1: 1 – на гол Хількевіча адказаў Павал Савіцкі. Тым самым, страціўшы каштоўныя пункты, гарадзенцы істотна панізілі свае шанцы на траплянне ў сэкстэт мацнейшых. А вось завочны канкурэнт “Нёману” “Гомель” скарыстаўся сітуацыяй, адолеўшы ў гасцях салігорскі “Шахцёр” – 1:0. Адзіны гол на рахунку Паўла Сітко. Салігорцы пры тым не рэалізавалі два пенальці – схібілі Мікалай Януш і Арцём Старгародскі. У турнірнай табліцы лідзіруе сталічнае „Дынама”, якое апераджае БАТЭ на два ачкі і мае адну гульню ў запасе. За месцы ў шасцёрцы змагаюцца: 5. жодзінскае “Тарпеда” – 29 ачкоў, 6. ФК “Гомель” – 28, 7. ФК “Мінск” – 26, 8. “Нёман” – 24. Беларускае Радыё Рацыя