Парадна-цывільную форму беларускіх алімпійцаў прэзентавалі журналістам



 Прэзентацыя парадна-цывільнай формы беларускай зборнай для зімовай Алімпіяды-2018 прайшла ў прэс-цэнтры Беларускага тэлеграфнага агенцтва.

З дзвюх калекцый параднай формы для беларускай дэлегацыі да зімовых Алімпійскіх гульняў, якія пройдуць у лютым 2018 года ў Пхёнчхане (Рэспубліка Карэя), выбраны варыянт у стылі casual, прапанаваны дызайнерам Людмілай Лабковай. Аўтар праекта, а таксама намеснік старшыні канцэрна „Беллегпрам” Аляксандр Якоўчыц і прадстаўнік Міністэрства спорту і турызму Беларусі расказалі журналістам аб ідэі і выкананні.

Крыніцай натхнення для стварэння формы паслужылі арнаменты і графічныя выявы беларускай сімволікі (у прыватнасці, у арнаменце спалучаюцца сімвалы-абярэгі маці, перамогі і ўраджайнасці, акрамя таго, асноўны элемент падобны на сняжынку, што сімвалічна для зімовай Алімпіяды). Такі арнамент дапаможа прыцягнуць удачу, а таксама падкрэсліць самабытнасць беларускіх спартсменаў. „Хочацца выглядаць самабытна і пазнавальна”, – адзначыла Людміла Лабкова.

За аснову ўзяты класічны стыль форм і сілуэтаў з падкрэсленым спартыўным характарам. Камплект для мужчын складаецца з клятчастых штаноў-бананаў і пінжака, сарочкі і футболкі. Жаночы ўключае жакет на адным гузіку з фрачным каўнерам, вузкія ўкарочаныя штаны з лампасамі, спадніцу, блузку, фуфайку або сукенку на выбар. Магчыма, у калекцыі з’явіцца верхняе адзенне – паліто, абутак для вуліцы. Акцэнты зроблены на аксесуары традыцыйнага для беларускага касцюма чырвонага колеру. Усе выкарыстоўваемыя матэрыялы айчыннай вытворчасці. Для касцюмаў і сукенак узята чысташарсцяное і паўшарсцяное палатно ААТ „Камволь”. Колеравая гама выдатна камбінуецца і супадае з трэндамі 2018 года – шэра-чырвоны ў модзе. Меланжыраваны графітавы шэры падкрэслівае спартыўнасць тэматыкі, светла-шэры вылучыць дэталі, а клетка, якая атрымліваецца пры выкарыстанні гэтых двух адценняў, нагадае аб традыцыі такога малюнка ў беларускім народным касцюме.

У стварэнні формы прымалі ўдзел лепшыя прадпрыемствы беларускай лёгкай прамысловасці: „Камінтэрн”, „Світанак”, „Эліз”, „Белвест”. Яркія жаночыя аксесуары, якія сталі неад’емнай часткай калекцыі, выпусціла фабрыка „Галантэя”. Тэставыя касцюмы былі пашыты за тыдзень.

belta.by