Паралімпійскія гульні адкрыліся ў Токіо
Адкрыліся XVI летнія Паралімпійскія гульні ў Токіо. Урачыстая цырымонія адкрыцця Паралімпіяды адбылася на Нацыянальным алімпійскім стадыёне. З-за каранавіруса адкрыццё Паралімпіяды праходзіла пры пустых трыбунах, спаборніцтвы таксама пройдуць без гледачоў. Як і на адкрыцці Алімпіяды, не абышлося без пратэстаў, вакол стадыёна сабраліся натоўпы жыхароў Токіо. Цырымонія пачалася з таго, што імператар Японіі Нарухіта абвясціў Паралімпіяду адкрытай, над стадыёнам паднялі паралімпійскі сцяг. Беларускі сцяг пранесла трохразовая паралімпійская чэмпіёнка Людміла Волчак. Варта адзначыць, што на цырымоніі пранеслі сцяг Афганістана, хоць афганскія паралімпійцы і не будуць удзельнічаць у спаборніцтвах – не змаглі прыехаць з-за крызісу ў краіне. Усяго ў цырымоніі прынялі ўдзел дэлегацыі са 162 краін свету.
Вольга Гаварцова не выйшла ў 2-і раўнд кваліфікацыі US Open
У Нью-Ёрку пачаліся кваліфікацыйныя паядынкі адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе. Першай з беларусак у барацьбу за выхад у асноўную сетку ўступіла Вольга Гаварцова. У стартавым раўндзе кваліфікацыі яна сустракалася з амерыканскай тэнісісткай Рыз Брантмаер і нечакана прайграла – 2:6, 3:6. Суперніцай яшчэ адной беларускі Юліі Гатоўка будзе французская тэнісістка Джэсіка Поншэ. Каб прабіцца ў асноўную сетку US Open, спартсменкам трэба пераадолець тры кваліфікацыйныя бар’еры. Без удзелу ў кваліфікацыі на хардавых кортах Нью-Ёрка згуляюць тры прадстаўніцы Беларусі – Арына Сабаленка, Вікторыя Азаранка і Аляксандра Сасновіч. У мужчынскім турніры выступяць Ілля Івашка і Ягор Герасімаў. Матчы адкрытага чэмпіянату ЗША пройдуць з 30 жніўня па 12 верасня.
Ісландыя пацвердзіла, што матч з маладзёжнай зборнай Беларусі пройдзе ў Берасці
Матч кваліфікацыі маладзёжнага чэмпіянату Еўропы-2023 паміж зборнымі Беларусі і Ісландыі пройдзе ў Берасці. Такая інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце Футбольнай асацыяцыі Ісландыі. Беларуская федэрацыя футбола напярэдадні паведаміла, што гульня пройдзе на спартовым комплексе „Брэсцкі” 2 верасня. Першапачаткова матч павінен быў прайсці ў Смаргоні.
Беларусы не змаглі прабіцца ў чвэрцьфінал Чэмпіяната свету па пляжным футболе
Зборная Беларусі не прабілася ў чвэрцьфінальную стадыю чэмпіянату свету па пляжным футболе, які праходзіць у Маскве. У апошнім паядынку папярэдняй групы С з адным з галоўных фаварытаў турніру камандай Бразіліі беларусам, каб прайсці ў плэй-оф, трэба было абавязкова перамагаць у асноўны час. Аднак гэтага не адбылося – шматразовыя чэмпіёны планеты ня далі магчымасць беларускім футбалістам вызначыцца хоць бы раз, перамогшы з сухім лікам 5:0.
Раналду мае намер перайсці ў „Манчэстар Сіці”
Форвард „Ювентуса” і зборнай Партугаліі Крышціяну Раналду можа вярнуцца ў чэмпіянат Англіі. Партугальскі футбаліст мае намер працягнуць кар’еру ў „Манчэстэр Сіці”. Пераход Раналду ў стан „гараджанаў” можа адбыцца ў цяперашняе трансфернае вакно, якое будзе закрыта 31 жніўня. Раналду выступае за турынскі „Ювентус” з 2018 года. 36-гадовы партугальскі форвард стаў лепшым бамбардзірам чэмпіянату Італіі ў мінулым сезоне, забіўшы 29 галоў. Дзеючы кантракт Раналду з італьянскім клубам разлічаны да 30 чэрвеня 2022 года.
Беларускае Радыё Рацыя
