Павел Няхайчык прызнаны найлепшым гульцом 18-га тура



Паўабаронца барысаўскага БАТЭ Павел Няхайчык прызнаны найлепшым гульцом 18-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі.

У гасцявым паядынку супраць берасцейскага „Руху”, у якім барысаўчане перамаглі з лікам 3:0, іх 32-гадовы хаўбек забіў адзін мяч і асіставаў партнёрам пры двух іншых узяццях брамы дэбютантаў вышэйшай лігі.

„Смалявы” узмацніліся двума гульцамі

Паўабаронцы Максім Савосцікаў і Віталь Савошка працягнуць кар’еру ў „Смалявічах”. Першы прыйшоў з „Вікторыі”, другі ў гэтым сезоне пакуль не гуляў. Пра гэта паведамляе football.by. Максім Савосцікаў першы круг правёў у Мар’інагорскай „Вікторыі”. Адыграў пяць матчаў і забіў тры галы. Віталь Савошка мінулы сезон скончыў у дублі „Гарадзеі”.

„Чэлсі” блізкі да куплі паўабаронцы „Байера” Кая Хаверца

„Сінія” гатовыя заплаціць за 21-гадовага гульца 80 мільёнаў еўра, паведамляе выданне The Athletic. Немцам цікавяцца многія еўрапейскія клубы, але толькі „Чэлсі” гатовы заплаціць такую суму. Сам Хаверц блізкі да дамоўленасці аб умовах асабістага кантракту, ён зацікаўлены ў пераходзе ў „Чэлсі”. У гэтым сезоне хаўбек правёў за клуб 30 матчаў у Бундэслізе, забіў 12 мячоў і зрабіў 6 галявых перадач.

Валейбалісткі „Менчанкі” даведаліся суперніц на папярэднім этапе Кубка Расеі

Падначаленыя Станіслава Салікава, які змяніў на пасадзе галоўнага трэнера сталічнай дружыны Віктара Ганчарова, трапілі ў 4-ю групу. З 10 па 13 верасня беларуская каманда згуляе ў Ліпецку, дзе яе суперніцамі будуць ВК „Ліпецк”, тульская „Туліца”, ніжагародская „Спарта” і прадстаўніцы Курскай вобласці „ЮЗГУ-Атам”. Па выніках гэтага турнірнага этапу пуцёўку ў паўфінальны раунд Кубка Расеі атрымаюць дзве лепшыя каманды. Варта адзначыць, што для „Менчанкі” гэта будзе трэці розыгрыш Кубка Расеі. У 2018 годзе беларускі спыніліся на папярэднім этапе спаборніцтваў, а ў 2019-м прасунуліся да паўфінальнай стадыі турніра.

Дзевятоўскі пракаментаваў пераход Волкава ў зборную Беларусі

Старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі пракаментаваў пераход расейскага лёгкаатлета, які выступае ў скачку з шастом, Мацвея Волкава ў зборную Беларусі. „Прыязджаў яго бацька, знакаміты ў мінулым спартовец у скачку з шастом і трэнер. Яны прынялі рашэнне аб пераездзе. Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі будзе арганізоўваць трэніравальны працэс Мацвея Волкава, працяг спартовай дзейнасці ўжо за нашу краіну. Першы крок зроблены, цяпер чакаем, калі іх сям’я перабярэцца ў Беларусь, – сказаў Вадзім Дзевятоўскі. – у скачку з шастом у мужчын няма атлетаў узроўню Ірыны Жук. Мы будзем рады станаўленню Мацвея на міжнароднай арэне пад сцягам Беларусі. Такія пераезды па ініцыятыве атлета або трэнераў будуць узмацняць нашу зборную», – упэўнены Дзевятоўскі. Трэба адзначыць, што рада Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый плануе цалкам забараніць расейцам браць удзел у міжнародных спаборніцтвах.

Беларускае Радыё Рацыя