Павел Савіцкі – футбаліст „Руху”



Нападнік зборнай Беларусі Павел Савіцкі стаў гульцом „Руху”. Кантракт з 26-гадовым нападаючым разлічаны да канца 2021, паведамляецца ў афіцыйнай групе берасцейскага клуба ў „Укантакце”.

Апошнім клубам было берасцейскае „Дынама”, у складзе якога за 3 сезоны ён правёў 99 матчаў, забіў 42 галы і аддаў 14 выніковых перадач

Абаронца Дзяніс Гружэўскі падпісаў пагадненне з „Тарпеда”-БелАЗ. Кантракт падпісаны па схеме „2+1”, паведамляецца на афіцыйным сайце жодзінскага клуба. У мінулым сезоне Гружэўскі выступаў за рэчыцкі „Спадарожнік”.

МАК не атрымліваў лісты аб пераносе Алімпіяды з Токіо ў Фларыду

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) паведаміў, што не атрымліваў ліст ад кіраўніка фінансавага кіравання амерыканскага штата Фларыда Джымі Патроніса. Апошні раней выступіў з прапановай правесці летнія Алімпійскія гульні 2021 года ў ЗША. Паведамлялася, што Патроніс накіраваў адпаведны ліст кіраўніку МАК Томасу Баху. Патроніс адзначыў, што Фларыда валодае ўсім неабходным для правядзення спаборніцтваў, а падчас пандэміі ў штаце былі дазволеныя спартовыя мерапрыемствы.

Гандбалісты Катара сталі апошнім чвэрцьфіналістам ЧС

Гандбалісты зборнай Катара сталі апошнімі ўдзельнікамі чвэрцьфінальнай стадыі чэмпіянату свету, які праходзіць у Егіпце. У матчы заключнага тура 2-й групы катарская каманда адолела аргентынцаў – 26:25. Яе маглі абысці харваты, але ў апошнім паядынку яны саступілі датчанам з лікам 26:38 і засталіся за бортам плэй-оф. Такім чынам, у чвэрцьфіналах 27 студзеня згуляюць: Данія – Егіпет, Нарвегія – Іспанія, Францыя – Венгрыя, Швецыя – Катар.

Конар Макгрэгар адхілены ад баёў на 180 дзён па медыцынскіх паказчыках

Былы чэмпіён UFC у лёгкай і паўлёгкай вазе Конар Макгрэгар адхілены на 180 дзён па медыцынскіх паказчыках пасля бою з Дастынам Пар’е, – паведамляе ESPN. Ірландзец прайграў амерыканцу тэхнічным накаўтам у другім раўндзе на турніры UFC 257 у Абу-Дабі. Працяглы тэрмін адхілення Макгрэгара ад баёў звязаны з магчымай траўмай правай нагі, атрыманай Конарам у паядынку з Пар’е.

Беларускае Радыё Рацыя