Павел Савіцкі вывеў „Нёман на 4-е месца



Два матчы 21 тура футбольнага чэмпіянату Беларусі адбыліся ў панядзелак.

Гарадзенскі „Нёман” са значнымі цяжкасцямі, але ўсё ж дамогся вікторыі над магілёўскім „Дняпром” – 2:0. Вікторыю гаспадарам поля прынёс іх лідар Павел Савіцкі. На 78-й хвіліне ён трапна „зарадзіў” па браме левай нагой метраў з дваццаці. А на 85-й удала падпільнаваў неабачлівую скідку магілёўскага абаронца і падвоіў лік. Пасля гэтага Савіцкі сцягнуў з сябе кашульку, за што „зарабіў” адпаведную жоўтую картку.

Непасрэдны канкурэнт гарадзенцаў – жодзінскае „Тарпеда БелАЗ” не здолела перамагчы на сваім полі аўтсайдара – наваполацкі „Нафтан” – 1:1 (Ягор Зубовіч, 47-я; Раман Волкаў, 66-я, з пенальці). 

Такім чынам „Нёман” зноў вярнуўся на 4-е месца – у яго зараз 36 ачкоў. Каманду Ігара Кавалевіча пераследуюць ФК „Слуцк” – 34, „Тарпеда” і „Віцебск” – па 32, „Дынама” (Берасце) – 31.

Беларускае Радыё Рацыя