Павел Знавец: Няхай бы заўзятары байкатавалі ўсе матчы БАТЭ да канца сезона



Палітык і спартовы заўзятар Павел Знавец пракаментаваў жаданне кіраўніцтва барысаўскага футбольнага клуба пакараць хлопца, які выбег на футбольнае поле з бел-чырвона-белым сцягам.

Як ужо паведамлялася, БАТЭ прыняў рашэнне падаць сустрэчны пазоў на заўзятара, які выбег на поле падчас матчу Лігі Еўропы супраць «Арсенала», каб спагнаць 5 тысяч еўра. Маўляў, аддадуць грошы на дабрачынны праект.

Падчас матча групавой стадыі Лігі Еўропы з лонданскім «Арсеналам», які адбыўся 28 верасня, на поле «Барысаў-Арэны» выбег заўзятар. За гэта БАТЭ быў аштрафаваны Саюзам еўрапейскіх футбольных асацыяцый на 5000 еўра. Штраф быў выплачаны клубам у поўным аб’ёме.

Павел Знавец: Калі ацэньваць учынак хлопца, то, думаю, яго проста перапоўнілі эмоцыі, і ён выбег на поле з бел-чырвона-белым сцягам. Гэта адзін з сапраўдных заўзятараў БАТЭ. Дарэчы, ва ўсім свеце хапае аналагічных выпадкаў, нават голыя выбягаюць на поле. І не думаю, што усе клубы выстаўляюць такія пазовы да сваіх заўзятараў. Таму, калі БАТЭ вырашыў павучыць сваіх заўзятараў, апошнім я б прапанаваў таксама павучыць клуб – аб’явіць байкот на ўсе матчы да канца сезона. Можа тады да іх дойдзе, што нельга так паступаць.

РР: Не так даўно падчас матча “Нафтана” і БАТЭ таксама выбег на поле заўзятар, які хацеў атакаваць суддзю, але нешта не чуваць, каб у барысаўскага клуба былі прэтэнзіі да гэтага чалавека.

Павел Знавец: Якія могуць быць прэтэнзіі, калі той быў без бел-чырвона-белага сцяга? А мы ведаем прыхільнасць асобных кіраўнікоў БАТЭ да саветызму. Бедны клуб і беднае кіраўніцтва, калі яны хочуць зарабіць сабе імя на дабрачыннасці праз пакаранне заўзятара з нацыянальным сцягам. Тым больш, што той ужо адсядзеў 10 сутак адміністрацыйнага арышта за свой учынак і заплаціў штраф. Я ўпэўнены, што шматлікія заўзятары, якія жадалі перамогі БАТЭ ў гэтым чэмпіянаце, пасля такога кроку будуць пляскаць у далоні, калі каманда не стане чэмпіёнам. Кожны заслугоўвае таго, чаго варты.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя