«ПCЖ» прайграў «Манчэстар Сіці» у паўфінале Лігі чэмпіёнаў



У другім паўфінале футбольнай Лігі чэмпіёнаў французскі «Пары Сэн-Жэрмен» прайграў на хатняй арэне «Манчэстар Сіці» з лікам 1:2. У першым тайме лепш выглядалі парыжане, што і адлюстравалася на табло: дзякуючы голу Маркіньёса галавой гаспадары вялі 1:0. Пераломнай жа стала памылка Кейлара Наваса, які на 64-й хвіліне прапусціў мяч пасля навесу Кевіна Дэ Бройнэ. Неўзабаве Марэз вывеў «Манчэстар Сіці» наперад ударам са штрафнога, а яшчэ праз некалькі хвілін чырвоную картку за грубы фол супраць Гюндагана атрымаў Гуе. Гульня ў адказ пройдзе 4 траўня ў Манчэстары.

 

Ілля Івашка прабіўся ў 1/4 фіналу турніру ў Мюнхене

Беларускі тэнісіст Ілля Івашка, які мае 107-ы нумар сусветнага рэйтынгу, прабіўся ў чвэрцьфінал турніру катэгорыі АТР-250 у нямецкім Мюнхене з прызавым фондам 419,5 тысяч еўра. У матчы 1/8 фіналу беларус перамог амерыканскага тэнісіста 127-ю ракетку планеты Макензі Макдональда  – 6: 7 (7: 9), 6:1, 6:2. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 7 хвілін. У паядынку за выхад у паўфінал Ілля Івашка сустрэнецца з шостай ракеткай сусветнага рэйтынгу прадстаўніком Нямеччыны Аляксандрам Зверавым.

Хакеісты „Авангарда” сталі ўладальнікамі Кубка Гагарына

Хакеісты „Авангарда”, абыграўшы ЦСКА з мінімальнай перавагай – 1:0, упершыню сталі пераможцамі фінальнай серыі Кубка Гагарына ў 13-м сезоне КХЛ. У складзе омскага клуба ўладальнікамі ганаровага трафея сталі беларускія хакеісты Кірыл Гатавец, Андрэй Стась і Мікіта Камароў. Лік у фінальнай серыі да чатырох перамог стаў 4-2 на карысць „Авангарда”.

 

Крысціян Хенкель прыбыў у зборную Беларусі

Абаронца казанскага „Ак Барса” Крысціян Хенкель прыбыў у размяшчэнне нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі. У бягучым сезоне Крысціян Хенкель выступаў у КХЛ, дзе са сваёй камандай дайшоў да паўфіналу Кубка Гагарына. „Ак Барс” у авертайме сёмага матчу саступіў дарогу ў вырашальную серыю „Авангарду”. Хакеіст у бягучым сезоне правёў за „барсаў” агулам 57 гульняў з улікам плэй-оф, адзначыўся 9 (3 + 6) баламі, зарабіў 20 хвілін штрафу, заблакаваў 87 кідкоў, завяршыў чэмпіянат з паказчыкам карыснасці „+14” і выйграў з казанскім клубам бронзу чэмпіянату Расеі. Нацыянальная зборная Беларусі па хакеі працягвае рыхтавацца да чэмпіянату свету, які з 21 траўня па 6 чэрвеня пройдзе ў Латвіі.

 

Лепшы бамбардзір „Нёмана” перайшоў у „Унію” з Асвенцыма

Польскі форвард Крысцян Дзюбіньскі пакінуў хакейны клуб „Нёман” і перайшоў у клуб „Унія” з Асвенцыма. У гэтым гульнявым годзе польскі нападнік у рэгулярным чэмпіянаце правёў 46 матчаў, набраўшы 34 (16 + 18) ачкі. Ён стаў лепшым бамбардзірам каманды на гэтым адрэзку сезона. У плэй-оф Дзюбіньскі адыграў у 7 сустрэчах, закінуў адну шайбу і аддаў дзве выніковыя перадачы. Акрамя гэтага форвард стаў аўтарам пераможнай шайбы ў рэкордным па працягласці матчы паміж „Гомелем” і „Нёманам”, нагадвае hockey.by.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя