Першы паўфінал: Нямеччына – Бразілія
Сёння – першы паўфінальны матч на чэмпіянаце свету па футболе ў Бразіліі. Сустрэнуцца каманды Нямеччыны і Бразіліі. Гэтую гульню ў нашым ранішнім эфіры пракаментаваў спартовы аглядальнік „Народнай Волі“ Алесь Сівы. Эксперт прыгадвае, што каманда Бразіліі – у няпростай сітуацыі, і не толькі з прычыны траўмы аднаго з ключавых гульцоў – Нэймара.
Алесь Сівы:
– Думаю, што невялікая перавага на баку нямецкай каманды, бо праблемы, якія абрынуліся на зборную Бразіліі даволі істотныя, і самі бразільскія заўзятары, па некаторых водгуках, не вераць у перамогу сваёй каманды. Да таго ж зборная Бразіліі не вельмі, танцуючым крокам, ішла да гэтай паўфіналу, з вялікімі цяжкасцямі пераадольвала перашкоды. Апошнія траўмы, дыскваліфікацыі стварылі такія праблемы для зборнай Бразіліі, што ёй будзе вельмі складана перамагчы нямецкую машыну.
З іншага боку, складанасць сітуацыі можа стаць і добрым шанцам згуляць без непатрэбнай напругі. А ў выпадку паразы – заўсёды можна гэта патлумачыць аб’ектыўнымі прычынамі, – дадае Алесь Сівы.
Другі паўфінальны матч – Аргентына – Галандыя – заўтра. Фінал – у нядзелю, 13-га ліпеня, на стадыёне Маракана ў Рыё-дэ-Жанэйра.
Беларускае Радыё Рацыя