Пляжны валейбол завітае ў Беласток
У сталіцы Падляшша ў жніўні пройдуць фінальныя сустрэчы турніру Plaża Open – самага вялікага турніру па пляжным валейболе ў Польшчы. Акрамя спартовых мерапрыемстваў, запланаваныя і самыя разнастайныя забавы для балельшчыкаў.
Запрашае прэзідэнт Беластока – Тадэвуш Трускаляскі:
– Plaża Open традыцыйна адбудзецца ў Беластоку 20-22 жніўня ўжо ў сёмы раз. Мы выдаткуем на гэта мерапрыемства 110 тысяч злотых. Гэта вялікая рэклама нашага горада, здаровага ладу жыцця. Пляжны валейбол з’яўляецца надзвычай відовішчнай дысцыплінай.
Сустрэчы ў рамках турніру Plaża Open у Беластоку пройдуць у Асяродку водных відаў спорту „Дайліды”. З гэтай нагоды прэзідэнт Трускаляскі жартаўліва прапанаваў дэвіз “Дайліды замест Фларыды”, таксама з увагі на спякотныя тэмпературы. Plaża Open адбываецца пад патранатам польскага валейбольнага саюза, фінальныя сустрэчы будуць транслявацца на тэлеканале TVP Sport.
Беларускае Радыё Рацыя
