Плыўцы Санковіч і Шымановіч сталі прызёрамі этапа Кубка свету ў Токіа



Беларускія плыўцы Павел Санковіч і Ілья Шымановіч у Токіа ўвайшлі ў лік прызёраў этапа Кубка свету ў 25-метровым басейне.

На дыстанцыі 50 м батэрфляем Павел Санковіч з рэзультатам 22,81 сек. заняў другое месца. Апярэдзіць беларуса змог толькі Чад ле Кло з ПАР – 22,49 сек. Трэцяе месца заняў Андрэй Говараў з Украіны – 22,96 сек.

Бронзавую ўзнагароду на дыстанцыі 100 м брасам здабыў Ілья Шымановіч, які праплыў дыстанцыю за 57,15 сек. Першым фінішаваў японец Ясухіра Касекі – 56,49 сек., другім стаў Кірыл Прыгода з Расіі – 56,71.

Этап Кубка свету па плаванні прадоўжыцца ў Токіа 15 лістапада. Далей турнір пройдзе ў Сінгапуры. Раней этапы Кубка свету адбыліся ў Маскве, Берліне, Эйндховене, Ганконгу і Досе, дзе таксама ўдала выступалі Павел Санковіч і Ілья Шымановіч.

Па выніках усіх этапаў пераможцы і прызёры агульнага рэйтынгу атрымаюць грашовыя ўзнагароды. У бягучым сезоне агульны прызавы фонд спаборніцтваў складае $2 млн.

belta.by