Польшча прайграла Швецыі і пакідае Еўра



У сераду вызначаюцца ўсе ўдзельнікі і пары 1/8 фіналу.

У групе Е зборнай Польшчы для выхаду ў плэй-оф была патрэбная толькі перамога над дружынай Швецыі. Аднак матч у Пецярбургу пачаўся фатальна для польскай рэпрэзентацыі – ужо на другой хвіліне стартавы ціск скандынаваў прынёс ім поспех. Гэта лідар „трэ крунур” Эміль Форсберг удала згуляў на падборы і засмуціў Войцэха Шчэнснага – 1:0.

У сярэдзіне тайма польская рэпрэзентацыя была блізкая да выраўнання ліку, аднак Роберт Левандоўскі двойчы запар галавой дасылаў мяч дакладна ў папярэчыну брамы. Далей пайшла працоўная пазіцыйная барацьба.

Другая палова сустрэчы выдалася значна цікавейшай. На 59-й хвіліне шведы правялі ўзорную контратаку і Форсберг вызначыўся яшчэ раз. Гэта яго 3-ці гол на турніры і ён дагнаў лепшых снайпераў. Да гонару польскай рэпрэзентацыі яна не здалася – літаральна праз 2 хвіліны Левандоўскі прадэманстраваў свой высокі клас і скараціў розніцу ў ліку. Гэта быў першы прапушчаны мяч шведамі на гэтым Еўра.

На 84-й хвіліне надзейная дагэтуль шведская абарона дапусціла правал у цэнтры і Левандоўскі параўняў лік – 2:2. Яшчэ быў час на цуда. Але ў даданы час Віктар Классан зняў усе пытанні – з лікам 3:2 перамагла Швецыя.

У паралельным матчы Іспанія павінна была перамагаць Славакію і дасягнула свайго – выніковыя – 5:0. Хоць пачатак сустрэчы склаўся анекдатычна для пірынейцаў – яны не рэалізавалі другі запар пенальці на бягучым Еўра. На гэты раз Альвара Марата не здолеў перайграць брамніка Марціна Дубраўку. Галкіпер, аднак, пазней, на 30-й хвіліне закінуў мяч ва ўласную брамку. У самым канцы першага тайма Эмерык Лапорт забіў другі мяч для „фурыі рохі”. 

У другім тайме на 56-й хвіліне вызначыўся голам Пабла Сарабія, на 67-й – Фернан Торрэс, на 71-й хвіліне здарыўся яшчэ адзін аўтагол.

Выніковае становішча ў групе Е:  – 1. Швецыя – 7 ачкоў, 2. Іспанія – 5 3. Славакія – 3, 4. Польшча – 1.

Швецыя і Іспанія ідуць далей. Польшча і Славакія не выйшлі ў 1/8-ю фіналу.

Беларускае Радыё Рацыя