Прэс-сакратар “Кубані”: У клубе Віктар Ганчарэнка набыў вялікі вопыт



Кіраўніцтва расейскага футбольнага клуба “Кубань”, мякка будзе сказана, непрыгожа развіталася з беларускім трэнерам Віктарам Ганчарэнкам, адправіўшы апошняга ў адстаўку. Мы звязаліся з прэс-сакратаром “Кубані” Вячаславам Івановым, які распавёў, як каманда развіталася са сваім настаўнікам.

Кіраўніцтва «Кубані» прыняло рашэнне адправіць у адстаўку галоўнага трэнера Віктара Ганчарэнку быццам бы з-за адсутнасці жорсткасці ў зносінах з футбалістамі.

У цяперашнім сезоне расейскай прэм’ер-лігі пасля 13 тураў краснадарская каманда знаходзіцца на пятым радку ў турнірнай табліцы, адстаючы ад ЦСКА, які займае другое месца, усяго на адзін бал.

Пасаду новага настаўніка каманды з вельмі высокай доляй верагоднасці зойме іншы беларускі спецыяліст – Леанід Кучук.

Сам Ганчарэнка сваю адстаўку пракаментаваў расейскім журналістам так: «Перш за ўсё я прафесійны трэнер, і кубанскім этапам мая кар’ера не абмяжуецца. Таму не магу дапусціць, каб на маёй рэпутацыі была пляма трэнера, які дапусціў нізкі ўзровень дысцыпліны…Што такое ўзровень дысцыпліны? Многія людзі ў кіраўніцтве «Кубані» працуюць «на аголеным нерве» і лічаць, што трэнер павінен паводзіць сябе гэтак жа. Ён павінен гарлапаніць на гульцоў, штодня размахваць рукамі і пры першым выпадку крычаць, што футбалісты, скажам так, — нядобрыя людзі.Так тут прывыклі. А калі трэнер спакойна кантактуе з футбалістамі, нават тымі, хто незадаволены сваім статусам, гэта непарадак. З іх пункту гледжання.

РР: Як каманда развіталася з беларускім трэнерам?

Вячаслаў Іваноў: Віктар Міхайлавіч развітаўся з усімі хлопцамі, падзякаваў за працу. Была вельмі сяброўская цёплая абстаноўка, так што ўсё прайшло спакойна.

РР: Але, згадзімся, што паступілі з ім зусім не “па-сяброўску”… Як вы ацэньваеце час працы беларускага трэнера ў “Кубані”?

Вячаслаў Іваноў: Гэта для яго вялікі вопыт, які ён набыў, але на такія пытанні павінен даваць адказы генеральны дырэктар, які зараз з’ехаў у камандзіроўку ў Маскву.

РР: На форуме сайта “Кубані” ўсе заўзятары адзінагалосна ўступіліся за Ганчарэнку, а вось кіраўніцтва клуба, як кажуць, чыхвосцяць у хвост і грыву…

Вячаслаў Іваноў: Не хаваю, што мясцовыя аматары футбола палюбілі Віктара Міхайлавіча, але, рэч у іншым. Ёсць рэчы, якія ляжаць на паверхні, а ёсць такія, якія схаваны ад вачэй заўзятараў.

РР: Растлумачце, навошта мяняць трэнера ў камандзе, якая за першыя 13 тураў набрала рэкордную колькасць ачкоў у сваёй гісторыі?

Вячаслаў Іваноў: Ёсць заўвагі па некаторых рэчах. Мы з аўтсайдарамі пастаянна ачкі губляем, з сярэднякамі не вельмі выразна выглядаем. Пры наяўнасці высокаякасных дарагіх футбалістаў чаканні апраўдваюцца не ў поўнай меры. Але зноў-такі – гэта маё меркаванне.

РР: Рашэнне пра адстаўку Ганчарэнкі прымаў губернатар Краснадарскага краю і прэзідэнт клуба Аляксандр Ткачоў?

Вячаслаў Іваноў: Безумоўна, яго слова было важкім, але ён не адзін прымаў рашэнне, як гэта збіраюцца падаць у прэсе.

РР: Учора генеральны дырэктар “Кубані” супакойваў заўзятараў, абвяргаючы чуткі пра зваленне Віктара Ганчарэнкі.

Вячаслаў Іваноў: Ён нікога не супакойваў, а проста казаў, што не падпісаны ніякія паперы пра звальненне. І на той час гэта было праўдай.

РР: Кажуць, што “Кубань” можа ўзначаліць яшчэ адзін беларускі спецыяліст Леанід Кучук. Гэта так?

Вячаслаў Іваноў: Нічога на гэты конт не магу афіцыйна сказаць. Адзначу толькі, што пытанне настаўніка каманды вырашыцца, магчыма, ужо ў бліжэйшы панядзелак.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота fcbate.by