Прорва паміж багатымі і беднымі клубамі павялічваецца



Суддзя Міжнароднай катэгорыі Вадзім Жук распавёў пра традыцыі і праблемы беларускага футбольнага першынства.

26 кастрычніка стаў вядомы сярэбраны прызёр чэмпіяната Беларусі па футболе – ім другі год запар стала менскае “Дынама”. Яшчэ раней высвятлілася, што дзясяты год запар “золата” першынства заваяваў барысаўскі БАТЭ. Як бачым, у верхняй частцы турнірнай табліцы традыцыі захоўваюцца…

Вадзім Жук: Тое, што прызёры чэмпіянату ў нас нязменныя, – гэта, мяркую, для самога першынства не вельмі добра. БАТЭ, менскае “Дынама”, салігорскі “Шахцёр”, а зараз яшчэ і бабруйская “Белшына” – вось каманды, якія вызначаюцца сваёй гульнёй і мацнейшыя за астатніх. На мой погляд, было б значна лепш, каб канкурэнцыя была большая. Тады і футбол мы б убачылі больш цікавы, і першынство было б больш напружанае. Вы паглядзіце на турнірную табліцу. Разрыў вялікі не толькі ў якасці гульні, але і ў ачках паміж камандамі. Каманды абсалютна не роўныя па сілах, а слабейшыя не падцягваюцца.

РР: Каманды з абласных цэнтраў сёння ў ніжняй частцы турнірнай табліцы. Трывожны факт?

Вадзім Жук: Уверсе тыя, хто маюць лепшы фінансавы стан. Але вобласці на самой справе практычна кінулі свае каманды ў свабоднае плаванне. Берасцейскае “Дынама” заўсёды было з багатымі традыцыямі, а сёння яно аказалася нікому не патрэбным. Гэта проста нейкі парадокс! Тое самае датычыцца “Гомеля”, “Віцебск” і гарадзенскі “Нёман” таксама не шыкуюць. Сітуацыя нават не трывожная, а трагічная для клубаў з абласных цэнтраў.

РР: А самі зарабляць грошы яны не ў стане?

Вадзім Жук: У нашых эканамічных умовах футбольныя клубы сябе не пракормяць. Нейкая датацыя ім ўсё ж патрэбна. Гэта не замежныя клубы, дзе вялікую частку бюджэту складаюць грошы ад продажу квіткоў, рэкламы, тэлетрансляцый. У нас заўзятары бясплатна на стадыёны не хочуць ісці, пра які прыбытак можна казаць?

РР: Але ж не ўсё так і дрэнна. Тыя ж БАТЭ і менскае “Дынама” таксама другі год запар падарылі заўзятарам футбольную восень – удзельнічаюць у групавых этапах Лігі чэмпіёнаў і Еўропы…

Вадзім Жук: Так, і гэта пацвярджае той факт, што БАТЭ і “Дынама” ўстойліва стаяць на сваіх пазіцыях. Але ў цэлым прорва паміж беднымі клубамі і багатымі ў беларускім першынстве толькі павялічылася.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота rsport.ru