„ПСЖ” і „Рома” перамаглі на старце плэй-оф футбольнай Лігі чэмпіёнаў



Адбыліся першыя матчы 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў.

Французскі „Пары Сен-Жэрмен”, у складзе якога не было траўміраваных лідараў Неймара і Эдзісана Кавані, змог абгуляць у гасцях англійскі „Манчэстэр Юнайтэд” з лікам 2:0. У першым тайме абодва сапернікі гулялі вельмі жорстка, было шмат парушэнняў, а вось небяспечных момантаў да перапынку амаль не ўзнікала. Лік быў адкрыты ў пачатку другой паловы, калі абаронца парыжан Прэнсель Кімпембе замкнуў перадачу з вуглавога ўдару Анхеля Дзі Марыі. Гаспадары кінуліся выпраўляць сітуацыю, але на зыходзе гадзіны гульнявога часу прапусцілі вострую контратаку „ПСЖ”, якую пасля дакладнага паса Дзі Марыі завяршыў Кіліян Мбапе. Футбалісты „Манчэстэр Юнайтэд” не здаваліся, правялі шмат атак, але так і не змаглі распячатаць вароты Джанлуіджы Буфона.

На рымскім „Стадыё Алімпіка” італьянская „Рома” ў першай палове мела перавагу над партугальскім „Порту”, але не рэалізавала яе. Пасля перапынку настойлівасць рымлян была ўзнагароджана – на 70-й мінуце пасля перадачы Эдзіна Джэка вызначыўся Нікола Дзаньёла. Праз 6 мінут ён аформіў галявы дубль, а ў хуткім часе іспанскі форвард гасцей Андрыян Лопес адгуляў адзін мяч – 2:1 на карысць „Ромы”.

13 лютага адбудуцца яшчэ два паядынкі першай стадыі плэй-оф чэмпіёнскай Лігі. Дзеючы пераможца ЛЧ мадрыдскі „Рэал” згуляе ў Амстэрдаме супраць галандскага „Аякса”, а ў брытанскай сталіцы „Тотэнхэм” прыме лідара нямецкай бундэслігі „Барусію” з Дортмунда. Астатнія стартавыя гульні 1/8 фіналу пройдуць на наступным тыдні:

19 лютага

„Ліверпуль” (Англія) – „Баварыя” (Мюнхен, Германія), „Ліён (Францыя) – „Барселона” (Іспанія).

20 лютага

„Атлетыка” (Мадрыд, Іспанія) – „Ювентус” (Турын, Італія), „Шальке” (Гельзенкірхен, Германія) – „Манчэстэр Сіці” (Англія).

belta.by