Расейская КХЛ супраць беларускай нацыянальнай сімволікі
Беларускія нацыянальныя сімвалы – бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня” увайшлі ў пералік выяваў, забароненых для праносу і выкарыстання ў спартовых збудаваннях падчас правядзення матчаў Кантынентальнай хакейнай лігі.
Ва ўсіх клубах КХЛ ёсць дакумент, які вызначае забароненыя выявы, сімвалы і знакі. Паводле “Прессбола”, большая частка дакумента датычыць сімвалаў тэрарыстычных, экстрэмісцкіх арганізацый і гэтак далей. Але ў дакуменце, які тычыцца Чэмпіяната Расеі па хакеі сярод мужчынскіх каманд, таксама пазначана, што да забароненых адносяцца бел-чырвона-белы сцяг, герб “Пагоня” і гербавы сцяг Расейскай імперыі, які выкарыстоўваюць расейскія нацыяналісты.
Напомнім, што ў чэмпіянаце КХЛ бярэ ўдзел і адзін беларускі клуб – менскае „Дынама”.
Беларускае Радыё Рацыя
