Расейская валейбалістка Наталля Думчава перайшла ў „Мінчанку”



Расейская валейбалістка Наталля Думчава папоўніла склад „Мінчанкі” перад стартам у новым сезоне. Новы гулец будзе выступаць на пазіцыі дыяганальнай нападніцы. Першыя афіцыйныя матчы ў новым сезоне „Мінчанка” правядзе ў Кубку Расеі. У папярэднім этапе падапечныя Віктара Ганчарова згуляюць у Калінінградзе. Гульні запланаваны на 16-22 верасня.

Алена Пархоменка заваявала два сярэбраныя медалі на моладзевым ЧЕ па водных лыжах

Беларуска Алена Пархоменка заваявала два сярэбраныя медалі на чэмпіянаце Еўропы (U-21) па водных лыжах за катэрам, які завяршыўся ў Дняпры (Украіна). У фігурным катанні менчанка ўпэўнена перамагла ў кваліфікацыі, але ў фінале ўмовы надвор’я не дазволілі паказаць усю праграму без памылак. Апярэдзіць беларуску атрымалася толькі ўкраінцы Станіславе Прасветавай, трэцяе месца ў Грэты Тальяці з Італіі. Па выніках трох дысцыплін (слалама, фігурнага катання і скачкоў з трампліна) Алена Пархоменка заняла другое месца ў абсалютным заліку. Першае месца ў Станіславы Прасветавай, а бронзавую ўзнагароду заваявала Мары-Лу Муланье з Францыі. Чацвёртае месца ў абсалютным заліку ў дзяўчат заняла яшчэ адна беларуска Луіза Чарнышова з Наваполацка. Бронзавы медаль у слаламе выйграла беларуская спартоўка Валерыя Трубская, якая саступіла толькі чэмпіёнцы Еўропы ў гэтай дысцыпліне францужанцы Леі Мермо і срэбнаму прызёру Станіславе Прасветавай.

Ілля Івашка прайшоў у 1/16 фіналу „Мастэрс” у Манрэалі

Беларускі тэнісіст Ілля Івашка (125-ы нумар сусветнага рэйтынгу) прабіўся ў 1/16 фіналу буйнога турніру серыі „Мастэрс” у канадскім Манрэалі. У паядынку першага раўнда беларус абыграў прадстаўніка Рэспублікі Карэя Квон Сун Ву (97) – 7:6 (7:3), 6:4. У матчы за выхад у чвэрцьфінал Ілля Івашка сустрэнецца з 20-й ракеткай свету французскім тэнісістам Гаэлем Манфісам.

Максім Валадзько падпіша шматгадовы кантракт з „Вітэсам”

Беларускі абаронца Максім Валадзько блізкі да пераходу з тульскага „Арсенала” ў галандскі „Вітэс”, які ўзначальвае расейскі спецыяліст Леанід Слуцкі. Як паведамляе фан-старонка нідэрландскага клуба ў інстаграме, Валадзько павінен прыбыць у размяшчэнне каманды для падпісання шматгадовага кантракту

Матч берасцейскага „Дынама” і БАТЭ перанесены на 25 верасня

Матч 18-га тура чэмпіянату Беларусі ў вышэйшай лізе паміж берасцейскім „Дынама” і БАТЭ, які павінен быў адбыцца 18 жніўня, перанесены на 25 верасня. Такое рашэнне прыняло Бюро выканкама БФФ падчас аўторкавага пасяджэння ў Доме футбола. Нагодай для звароту стала занятасць „жоўта-сініх” на міжнароднай арэне ў сувязі з удзелам у трэцім кваліфікацыйным раўндзе Лігі Еўропы УЕФА.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя