Расею не аднавілі ў міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі



Лонданскі кангрэс ІААФ вялізнай бальшынёй галасоў пастанавіў падоўжыць адхіленне расейскай федэрацыі лёгкай атлетыкі. Ажно 166 сябраў Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый прагаласавалі супраць аднаўлення Усерасейскай федэрацыі, толькі 21 нацыянальная структура падтрымала Расею. Для таго каб вярнуць сабе сяброўства ў асацыяцыі патрэбна было набраць 2/3 галасоў.

Галасаванне было абсалютна адкрытым, так што кожная краіна магла ўбачыць, якім чынам прагаласавалі астатнія.

Інтэрнэт-партал Inside The Games апублікаваў фота інфармацыйнага табло па выніках галасавання па гэтым пытанні на кангрэсе. З яго вынікае, што публічную падтрымку расейскай федэрацыі зрабілі наступныя краіны: Ямайка, Бангладэш, Каморскія выспы, Экватарыяльная Гвінея, Іярданія, Лібан, Макао, Манголія, Мазамбік, Науру, Нігерыя, Панама, Перу, Румынія, Паўночная Карэя, Шры-Ланка, Свазіленд, Сірыя, Таджыкістан, В’етнам і Йемен.

Адметна, што шэраг краін наўмысна не сталі рэгістравацца для працэдуры галасавання, у тым ліку і Беларусь. Акрамя нашай краіны гэта Албанія, Азэрбайджан, Чад, Гаіці, Казахстан, Аман і Пакістан.

Беларускае Радыё Рацыя