Расцягнуты тур



21-ы тур „Беларусбанк – чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па футболе сезона 2014 сярод каманд вышэйшай лігі” з-за ўдзелу адразу трох беларускіх клубаў у накаўт-раўндах еўракубкавых кваліфікацый расцягнецца на тры дні – 15, 16 і 17 жніўня – салігорскі „Шахцёр” папрасіў перасунуць свой матч на пятніцу. Гэтым паядынкам і адкрылася гульнявая праграма ўік-энду. Гарнякі не толькі не ўтрымалі перамогу, але і ўмудрыліся прайграць аўтсайдару – бабруйскай “Белшыне” – 1:2. „Шахцёр” праводзіў першы матч без свайго лідара Сяргея Балановіча, які заключыў двухгадовы кантракт з клубам расейскай прэм’ер-лігі „Амкар” з Пермі. Параза „Шахцёра” стала для яго трэцяй запар у чэмпіянаце Беларусі. У дзвюх папярэдніх сустрэчах салігорская каманда саступіла „Менску” і „Гомелю”. Бабруйчане ж не толькі перапынілі серыю з 10 матчаў запар без перамог, але і паднеслі нядрэнны падарунак свайму галоўнаму трэнеру Аляксандру Сяднёву, які адзначае 41-ы дзень нараджэння. Беларускае Радыё Рацыя