Развязка блізка



Спакваля чэмпіянат свету па футболе падыходзіць да сваёй развязкі. Засталося толькі 4, але сама галоўныя матчы. Сёння пройдзе першы паўфінал Бразілія – Нямеччына, заўтра адбудзецца спатканне Аргенціны з Нідэрляндамі. З гісторыі прыгадаем, што галяндцы сустракаліся ў фінале 1974-га з немцамі і ў фінале 1978-га з Аргенцінай. Абодва разы “аранжавыя” саступілі. Германія з Аргенцінай выходзілі ў фінал два разы – у 1986-ым “альбіселестэ” на чале з Дыегам Марадонам перамаглі, а праз чатыры гады ў 1990-ым у Італіі германцы ўзялі рэванш. А вось калі ў вырашальным матчы зыдуцца Бразілія і Аргенціна, альбо Бразілія і Нідэрлянды – гэта будзе абсалютна эксклюзіўная фінальная пара. Што да спрэчкі лепшых бамбардзіраў, то вельмі цяжка, але ў прынцыпе рэальна будзе дагнаць калумбійца Хаймеса Радрыгеса, у якога 6 галоў. З тых, хто яшчэ мае шанцы выбіцца ў лепшыя снайперы немец Томас Мюлер і аргенцінец Ліанэль Месі, у якіх па 4 забітыя мячы. Па 3 маюць галяндцы Ар’ен Робэн і Робін ван Персі.

А зараз анонс паўфіналу Бразілія – Германія. Два гегемоны, два монстры гульні, два шматгадовыя лідары сусветнага футболу, што тут яшчэ можна дадаць. Паміж сабой гранды сустракаліся  24 разы, уключаючы алімпіяды. Бразілія выйграла 13 матчаў, Германія – 5, яшчэ 6 раз была нічыя. Асабліва памятны фінальны паядынак азіяцкага мундыялю 2002 году, у якім перамаглі 2:0 бразільцы і сталі пентакампеонамі. Кіраваў тады імі менавіта цяперашні настаўнік Луіс Феліпе Скалары. Праўда, Скалары саступаў бундэсманшафт двойчы на чале Партугаліі ў 2006-ым і 2008-ым гадах. У стане бразільцаў зараз істотныя страты. Траўмаванага Нэймара сапраўды нікім не заменіш. Не выступіць таксама з-за перабору жоўтых картак капітан і стоўп абароны Ціагу Сільва. Бразільская федэрацыя падавала апеляцыю на гэты конт, але марна. Хутчэй усяго замест Сільвы выйдзе Дантэ, якому давядзецца змагацца супраць процьмы бавараскіх аднаклубнікаў. Вельмі імаверна, што зыдуцца на полі і два прадстаўнікі мадрыдскага “Рэала” – Марсэла ў бразільцаў, Самі Хедзіра ў немцаў. А таксама гульцы лонданскага “Чэлсі” Андрэ Шурле і з іншага боку Оскар, Віліян і Давід Луіс. Праўда апошні ўжо фактычна перайшоў у Пары Сэн-Жэрмен. Трэнерскі штаб “селесао” напэўна пастараецца ўзмацніць сярэдзіну поля за кошт дадатковага “хвалярэза”. У нямецкіх шыхтах амаль няма стратаў. Дакладна не выступіць толькі абаронец Шкодран Мустафі, які надарваў цягліцу. Праўда, шэраг гульцоў былі прастуджаныя.

Зборныя Бразіліі і Нямеччыны выходзяць на двубой, маючы працяглыя серыі без паразаў – у немцаў гэта 16 матчаў, у Бразіліі – 14. Немцы 11 раз гулялі ў паўфіналах чэмпіянату свету і 7 разоў перамагалі, у Бразіліі статыстыка яшчэ лепшая – 6 выхадаў у фінал з 7 спробаў. Асаблівы падтэкст будзе мець выхад на поле Міраслава Клозэ, калі непрадказальны Яўхім Лёў даверыць яму месца ў складзе. Нападнік можа апярэдзіць па агульнай колькасці галоў на чэмпіянатах свету знакамітага Раналда-Зубасціка непасрэдна ў гульні з яго суайчыннікамі. Сімвалізм яшчэ той! Зараз у абодвух па 15 галоў, але ў форварда “Лацыё” яшчэ дзве развітальныя спробы, каб вырвацца наперад і ўвекапомніць сваё імя аднаасобна. Зрабіць гэта будзе няпроста, тым больш што адзін з бразільскіх ведзьмароў збіраецца наслаць на немцаў у канкрэтным паўфінальным матчы праклён. Будзем, аднак, спадзявацца, што ўсё пройдзе без умяшання звышнатуральных сілаў, арбітраж будзе аб’ектыўным і пераможа сапраўды мацнейшы.

Уладзімір Хільмановіч/Uladzimir Khilmanovich, Беларускае Радыё Рацыя