Роберт Левандоўскі прызнаны ФІФА лепшым футбалістам 2021 года



Нападнік „Баварыі” і зборнай Польшчы Роберт Левандоўскі аб’яўлены на цырымоніі ў Цюрыху лепшым футбалістам 2021 года па версіі ФІФА. Па правілах, пры вызначэнні пераможцы ў гэтай намінацыі ўлічваюцца вынікі гульцоў у перыяд з 8 кастрычніка 2020 года па 7 жніўня 2021 года. Іншымі прэтэндэнтамі на ўзнагароду з’яўляліся форвард „Пары Сен-Жэрмэн” Ліянэль Месі і егіпецкі нападнік „Ліверпуля” Махамед Салах. Год таму Левандоўскі таксама прызнаваўся найлепшым футбалістам.

Футбаліст, дыскваліфікаваны за дамоўныя матчы, можа працягнуць кар’еру ў Расеі

Расейскі клуб „Хімкі” з аднайменнага падмаскоўнага горада цікавіцца абаронцам БАТЭ і нацыянальнай зборнай Захарам Волкавым, піша rusfootball.info. Не выключана, што беларускі футбаліст працягне сваю спартовую кар’еру ў гэтай камандзе Расейскай прэм’ер-лігі. Праўда, у турнірнай табліцы РПЛ „Хімкі” займаюць апошняе, 16-е месца.

Пікантнасць сітуацыі ў тым, што ФІФА на падставе звестак Беларускай федэрацыі футбола дыскваліфікавала Волкава за ўдзел у дамоўным матчы на два гады. Гульня адбылася ў час, калі ён выступаў яшчэ за наваполацкі „Нафтан”.  Дыскваліфікацыя заканчваецца 5 жніўня.  Партал Transfermarkt ацэньвае рынкавы кошт Волкава ў 300 тысяч еўра. Раней ён выступаў за „Віцебск”, „Нафтан” і „Оршу”.

Зборныя Камеруна і Буркіна-Фасо выйшлі ў плэй-оф Кубка афрыканскіх нацый па футболе

Футбалісты зборных Камеруна і Буркіна-Фасо сталі першымі ўдзельнікамі плей-оф Кубка афрыканскіх нацый – 2022. Камерунцы ступілі ў 1/8 фіналу з першага месца ў пуле А, набраўшы 7 балаў. У трэцім матчы групавога этапа гаспадары Кубка згулялі ўнічыю з камандай Каба-Вердэ – 1:1. Гэтая страта ачкоў стала для „львоў” першай на турніры: раней Камерун святкаваў перамогі над зборнымі Буркіна-Фасо 2:1 і Эфіопіі 4:1.
У іншым матчы панядзелка каманда Буркіна-Фасо распісала нічыю з эфіёпамі – 1:1. Буркінійцы, як і футбалісты Каба-Вэрдэ, за тры гульні набралі 4 ачкі, але за кошт перамогі ў асабістай сустрэчы з лікам 1:0 далей прайшлі менавіта „жарабцы”. Тым не менш зборная Каба-Вэрдэ захоўвае шанцы прайсці ў плэй-оф, для гэтага трэба патрапіць у чацвёрку лепшых каманд, якія занялі трэція месцы.

Іспанія, Расея, Данія і Чарнагорыя выйшлі ў асноўны этап ЧЕ па гандболе

На мужчынскім чэмпіянаце Еўропы па гандболе вызначыліся яшчэ чатыры ўдзельнікі асноўнага этапа – Іспанія, Расея, Данія і Чарнагорыя. Дзеючыя чэмпіёны кантынента гандбалісты Іспаніі, якія выступаюць у папярэдняй групе Е, выйгралі трэці матч, абыграўшы ў заключным туры каманду Босніі і Герцагавіны з лікам 28:24. У квартэце F расейскія гандбалісты разграмілі супернікаў са Славакіі – 36:27. Зборная Украіны пацярпела трэцюю паразу, саступіўшы камандзе Харватыі 25:38. Сёння зборная Беларусі ў Браціславе згуляе з аўстрыйскай камандай, прычым для абодвух супернікаў вынік гэтага матча не мае прынцыповага турнірнага значэння.

„Арызона” перамагла „Манрэаль”, Уладзіслаў Калячонак правёў на лёдзе больш за 16 хвілін

Мінулай ноччу ў рэгулярным чэмпіянаце НХЛ „Арызона” абыграла дома „Манрэаль” 5:2. У пераможцаў 16 хвілін і 13 секунд правёў на лёдзе беларускі абаронца Уладзіслаў Калячонак. Бамбардзірскіх балаў не набраў. Кідкоў у актыў не запісаў. Завяршыў гульню з паказчыкам карыснасці +1. Адзін блок і адна страта – таксама яго статыстыка. Такім чынам, Калячонак правёў у гэтым сезоне ўжо чатыры матчы: баламі па сістэме „гол + пас” пакуль не разжыўся, а сумарны паказчык карыснасці — -1.

Другая стадыя чэмпіянату Беларусі па хакеі стартуе 20 студзеня

Напярэдадні ў беларускай экстралізе завяршылася першая стадыя, паводле вынікаў якой 12 каманд падзяліліся на дзве падгрупы. Матчы другога этапа рэгулярнага чэмпіянату стартуюць 20 студзеня.
У першы секстэт трапілі клубы, якія па выніках 44 гульняў сезона занялі ў табліцы месцы з першага па шостае. Гэта сталічнае „Юнацтва”, жлобінскі „Металург”, „Гомель”, „Шахцёр”, „Віцебск” і гарадзенскі „Нёман”. На наступнай стадыі шасцёрка наймацнейшых будзе змагацца за больш высокі пасеў.
У другі пул трапілі каманды, якія апынуліся ў ніжняй частцы турнірнай табліцы, – „Дынама-Маладзечна”, наваполацкі „Хімік”, аршанскі „Лакаматыў”, „Брэст”, „Магілёў” і „Ліда”. Гэтыя калектывы паспрачаюцца за дзве астатнія пуцёўкі ў плэй-оф праз міні-турнір. У ім у серыях да дзвюх перамог згуляюць клубы, якія па выніках другога этапа зоймуць месцы з 7-га па 10-е.

Квіткі на зімовыя Алімпійскія гульні ў Пекіне не будуць прадавацца

Арганізацыйны камітэт зімовых Алімпійскіх гульняў у Пекіне прыняў рашэнне не распаўсюджваць квіткі для гледачоў у адкрытым продажы, іх размяркуюць сярод пэўных груп насельніцтва. Такая інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце МАК. Прадстаўнікі гэтых груп павінны будуць строга выконваць супрацьэпідэмічныя меры да, падчас і пасля спаборніцтваў у мэтах садзейнічання бяспечнаму правядзенню Гульняў. У верасні прэс-служба Міжнароднага алімпійскага камітэта паведаміла аб тым, што зімовыя Алімпійскія гульні адбудуцца без прысутнасці замежных заўзятараў, квіткі на спаборніцтвы будуць даступны толькі жыхарам мацерыковай часткі Кітая. XXIV зімовыя Алімпійскія гульні пройдуць у Пекіне з 4 па 20 лютага.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]