Са жніўня прыцягнуты да крымінальнай адказнасці 65 футбольных фанатаў



У Беларусі са жніўня 2020 года прыцягнуты да крымінальнай адказнасці 65 футбольных фанатаў, з іх 34 чалавекі арыштаваныя. Пра гэта ў інтэрв’ю газеце „Беларусь Сегодня” распавёў намеснік начальніка ГУБАЗіК палкоўнік міліцыі Міхаіл Бедункевіч. Міліцэйскі начальнік таксама пракаментаваў інфармацыю аб масавым байкатаванні матчаў беларускімі фанатамі.

” У 2020 годзе актывізаваўся працэс кансалідацыі фанацкіх рухаў з дэструктыўнымі сіламі, – адзначыў Міхаіл Бедункевіч. – Раней колькасць фанатаў у краіне ацэньвалася намі прыблізна лічбай 3000 чалавек. Зараз жа лічба значна паменшылася з-за байкотаў.” Бедункевіч лічыць, што фанатаў спрабуюць выкарыстоўваць «куратары з-за мяжы»:  „Куратары з-за мяжы, разумеючы, што звычайныя ўдзельнікі пратэстнага руху не жадаюць сілавога супрацьстаяння з уладай, вядома, спрабуюць выкарыстоўваць навыкі каляфутбольных хуліганаў. І наша праца накіравана на тое, каб стрымліваць фанатаў.”

Нагадаем, футбольныя фанаты шэрагу беларускіх клубаў абвясцілі байкот матчаў з-за палітычнай сітуацыі ў краіне. Пра адмову наведваць матчы ў новым футбольным сезоне заявілі заўзятары берасцейскага „Дынама”, „БАТЭ”, „Нёмана”, „Шахцёра”, „Віцебска”, „Маладэчна” і „Слуцка”.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: скрыншот з відэа