Сабаленка прабілася ў паўфінал турніру ў Санкт-Пецярбургу



У чвэрцьфінальным паядынку тэніснага турніру серыі «Прэм’ер» беларуска Арына Сабаленка зламала супраціў расейкі Кацярыны Аляксандравай – 6:3, 6:4.

Першы сэт першая ракетка Беларусі адыграла вельмі ўпэўнена, пераўзыходзячы суперніцу ў многіх кампанентах. Сэт застаўся за ёй (6:3). У другой партыі прадстаўніца Сінявокай захапіла перавагу 2:0 і, здавалася, упэўнена давядзе паядынак да перамогі. Але суперніца перахапіла ініцыятыву і нават здолела вырвацца наперад (4: 3). Але далей Сабаленка не дала суперніцы шанцаў развярнуцца, выйграўшы 6:4.

Пасля перамогі над Аляксандравай Сабаленка пракаментавала вынік супрацьстаяння:

– Хацелася не адцягвацца і цалкам сканцэнтравацца на матчы, але на справе выйшла ўсё наадварот. Так што больш змагалася з сабой, чым з суперніцай. Трэба аддаць належнае і Каці, якая паказала добры тэніс.

У наступным паядынку турніру першая ракетка Беларусі пазмагаецца з Кікі Бертэнс (Галяндыя), якая перамагла Анастасію Паўлючэнкаву (Расея).

minsknews.by