Сабаленка прайграла свой сёмы фінал



21-гадовая беларуская тэнісістка Арына Сабаленка не змагла выйграць чацвёрты ў кар’еры турнір у адзіночным разрадзе. У фінале спаборніцтваў серыі «Прэм’ер» у Сан-Хасэ з прызавым фондам 876 тысяч даляраў дзясятая ракетка свету саступіла кітаянцы Сайсай Чжэн – 3: 6, 6: 7. Фінал у Сан-Хасэ стаў для беларускай спартоўкі сёмым за час выступаў у адзіночным разрадзе турніраў ВТА.

„Шахцёр” прайшоў у чвэрцьфінал Кубка Беларусі

Дзеючы ўладальнік футбольнага Кубка Беларусі салігорскі „Шахцёр” стаў апошнім удзельнікам чвэрцьфінальнай стадыі чарговага розыгрышу. У заключнай гульні 1/8 фіналу салігорскія футбалісты абыгралі ў Гомелі мясцовы „Лакаматыў” з 1-й лігі нацыянальнага першынства з лікам 2: 1. Мазырская „Славія” саступала на сваім полі гасцям з „Віцебска” 0: 1, але затым пераламіла ход паядынку і дамаглася валявой перамогі – 3: 1. Да гэтага ў чвэрцьфінал прабіліся жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ”, магілёўскі „Дняпро”, барысаўскі БАТЭ, менскае і берасцейскае „Дынама”, а таксама „Іслач” з Менскага раёна.

Чарнагорац Капітавіч перайшоў у БАТЭ

Абаронца зборнай Чарнагорыі Барыс Капітавіч стаў гульцом БАТЭ. Тэрмін дзеяння пагаднення 3,5 гады. Пра гэта паведамляе инстаграм-акаўнт Sportska Gajba. Раней паведамлялася, што барысаўчане заплацяць за гульца 300 тысяч еўра. Капітавіч адмовіўся ад прапановы бялградскага „Партызана” на карысць БАТЭ. У мінулым сезоне абаронца правёў у складзе „Чукарычэк” 30 матчаў у чэмпіянаце Сербіі, у якіх забіў тры галы, зарабіў 11 жоўтых і адну чырвоную картку

„Гроднааблспорт” абараніў званне чэмпіёна краіны па пляжным футболе

„Гроднааблспорт” другі раз запар стаў чэмпіёнам Беларусі па пляжным футболе, вырашальны этап якога прайшоў у Гародні. У першым паядынку серыі за золата гарадзенцы разграмілі супернікаў з клуба „Кіраўск-СДЮШАР” з лікам 9: 2. Другая сустрэча прайшла ў вельмі ўпартай барацьбе, і яе асноўны час завяршыўся ўнічыю – 5: 5. Аднак у авертайме „Гроднааблспорт” згуляў лепш і вырваў перамогу 7: 5. Героямі гэтага паядынку сталі Дзяніс Самсонаў, які забіў 4 мячы, і Аляксей Свістаў, у актыве якога 3 галы ў браму кіраўчан.

«Манчэстар Сіці» перамог «Ліверпуль» у Суперкубку Англіі

Асноўны час матчу за Суперкубак Англіі паміж «Манчэстар Сіці» і «Ліверпулем» скончыўся ўнічыю 1: 1. Галамі адзначыліся Рахім Стэрлінг і Жаау Маціп. Пераможца выяўляўся ў серыі пасляматчавых пенальці, дзе поспех быў на баку футбалістаў з Манчэстэра. Нагадаем, у мінулым сезоне „Манчэстар Сіці» стаў чэмпіёнам Англіі, а «Ліверпуль» фінішаваў другім. У турнірнай табліцы каманды падзяліла ўсяго адно ачко.

„Барселона” вырвала перамогу ў «Арсенала» у Кубку Гампера

Каталонская „Барселона” абыграла „Арсенал” з лікам 2: 1. У першым тайме голам адзначыўся Абамеянг, а ў другім Мэйтлэнд-Найлс скіраваў мяч ва ўласную браму, а Суарэс на 90-й хвіліне прынес перамогу каталонцам. «Барселона» ў 42-і раз заваявала Кубак Жоана Гампера, які праводзіцца з 1997 года ў адзін дзень і разыгрываецца паміж двума камандамі. Апошні раз „Барса” заставалася без трафея ў 2012 годзе. Тады каталонцы прайгралі „Сампдорыі” 0:1.

Юніёры сталі 13-мі на еўрабаскеце

Баскетбалісты юніёрскай зборнай Беларусі занялі 13-е месца ў дывізіёне В чэмпіянату Еўропы, які завяршаецца ў румынскім горадзе Орадзя. У заключным матчы суцяшальнага турніру падначаленыя Аляксандра Падзерачова перамаглі каманду Балгарыі з лікам 93:81. Лепшым у складзе беларускай дружыны стаў Кірыл Цецерукоў, у актыве якога 21 ачко і 15 падбораў пад шчытамі.

Хэмілтан выйграў Гран-пры Вугоршчыны

Брытанскі пілот „Мерсэдэса” Льюіс Хэмілтан стаў пераможцам 12-га этапа чэмпіянату „Формулы-1” Гран-пры Вугоршчыны.

Хэмілтан за тры круга да фінішу апярэдзіў гоншчыка „Рэд Бул” Макса Ферстапена, які саступіў брытанцу амаль 18 секунд, але праехаў самы хуткі круг у гонцы і атрымаў дадатковае ачко.

Трэцім фінішаваў нямецкі пілот „Ферары” Себасцьян Фетэль. Наступны этап чэмпіянату пройдзе ў Бельгіі 30 жніўня і 1 верасня.

Беларускае Радыё Рацыя