Салігорскі „Шахцёр” – новы чэмпіён Беларусі па футболе
Толькі апошні тур футбольнага першынства Беларусі вызначыў новага чэмпіёна краіны і іншых прызёраў.
Салігорскі „Шахцёр” прымаў на сваім полі ФК „Мінск” і сутыкнуўся з вялікімі праблемамі. Двойчы наперад выходзілі госці, двойчы салігорцы адыгрываліся. І толькі ў самай канцоўцы „жоўта-чорныя” вырвалі перамогу – 4:2. Салігорцы – новыя чэмпіёны краіны! Аўтар „залатога” мяча – Раман Бегуноў. „Шахцёр” другі раз у гісторыі стаў чэмпіёнам Беларусі.
Паралельна ў Менску БАТЭ нягегла змагаўся з менскім „Дынамам”. Ніхто ў гэтым матчы не мог забіць мяча. У першым тайме дынамавец Яўген Шыкаўка, які да гэтага ў чэмпіянатах Беларусі забіў 6 пенальці з 6, на гэты раз схібіў пры выканні 11-мятровага – яго ўдар парыраваў Антон Чычкан. У другім тайме БАТЭ гуляў бяззуба, так і не здолеў забіць – 0:0. У барысаўцаў толькі серабро.
Жодзінскае „Тарпеда” чакана выйграла ў Віцебску – 3:2. Такім чынам бронза дасталася камандзе Юрыя Пунтуса. Жодзіна першы раз трапіла на п’едэстал.
Гарадзенскаму „Нёману” трэба было перамагаць у Берасці мясцовае „Дынама”. Нёманцы першымі забілі ў першым тайме і амаль услед прапусцілі мяч. А ўдругім тайме берасцейцы зноў выступілі ў ролі „сабакі на сене” – два галы прынеслі перамогу гаспадарам 3:1 і скінулі „Нёман” з бронзавай пазіцыі ажно на 5-е месца.
Выніковая верхняя частка турнірнай табліцы выглядае так:
1. „Шахцёр” – 59 ачкоў
2. БАТЭ – 58
3. „Тарпеда” – 56
4. „Дынама” (Берасце) – 54
5. „Нёман” – 53
6. „Дынама” (Менск) – 52
Беларускае Радыё Рацыя
