Салігорскі „Шахцёр” стаў чэмпіёнам Беларусі!



Хакеісты салігорскага „Шахцёра” ўпершыню здабылі званне чэмпіёнаў Беларусі, абыграўшы ў фінальнай серыі менскае „Юнацтва”. На лёдзе „Чыжоўка-Арэны” ў чацвёртым паядынку вырашальнага раўнда падначаленыя Андрэя Гусава спачатку саступалі гаспадарам, прапусціўшы шайбу на 5-й хвіліне, калі Максім Парфеявец рэалізаваў колькасную перавагу. Пасля гэтага хакеісты „Юнацтва” спрабавалі развіць свой поспех, але госці ўмела абараняліся, а ў другім перыядзе перахапілі ініцыятыву і выйшлі наперад. Спачатку Аляксандр Усенка дакладна выканаў штрафны кідок, затым поспеху дамогся Ігар Карабанаў, які здолеў вызначыцца, калі „Шахцёр” гуляў у меншасці.

Камандзе Міхаіла Захарава, які не мог знаходзіцца на капітанскім мосціку пасля ўчорашняга выдалення і дыскваліфікацыі, не заставалася нічога, як ісці ва-банк. Гаспадары шмат атакавалі, але ў іх дзеяннях не было парадку, і абарона гасцей на чале з галкіперам Максімам Малюціным паспяхова справілася з кідкамі. А за 20 секунд да фінальнай сірэны, калі брамнік „Юнацтва” Віталь Бялінскі саступіў месца палявому гульцу, усе пытанні пра пераможцу зняў Ігар Карабанаў, які закінуў трэцюю шайбу – 3: 1. І „Шахцёр” стаў уладальнікам чэмпіёнскага тытулу. Уладальнікамі бронзавых медалёў сталі хакеісты „Гомеля”.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Аляксандра Перапечкі