Сасновіч і Шмідлава адкрыюць матч Кубка Федэрацыі Беларусь – Славакія



На корце менскай „Чыжоўка-Арэны” 20 красавіка адбылася жараб’ёўка матчу плэй-оф Сусветнай групы Кубка Федэрацыі Беларусь – Славакія. Гэта гульня стане сотай для зборнай Беларусі за час выступленняў у Кубку Федэрацыі.

У першым адзіночным паядынку ў суботу, 21 красавіка, у 13.00 беларуска Аляксандра Сасновіч сустрэнецца з Ганнай Каралінай Шмідлавай. Следам за імі на корт выйдуць Арына Сабаленка і Вікторыя Кужмава.

У нядзелю адбудуцца яшчэ два адзіночныя паядынкі: у 12.00 сустрэнуцца Арына Сабаленка і Ганна Караліна Шмідлава, пасля якіх Аляксандра Сасновіч згуляе з Вікторыяй Кужмавай. Завершыцца матч парнай сустрэчай – у беларусак на яе заяўлены Лідзія Марозава і Вера Лапко, славачак – Яна Чэпелава і Вікторыя Кужмава. У адпаведнасці з рэгламентам Кубка Федэрацыі, у другі дзень спаборніцтваў капітаны каманд Таццяна Пучак і Мацей Ліптак могуць правесці замены.

Раней зборныя Беларусі і Славакіі толькі адзін раз сустракаліся ў матчы Кубка Федэрацыі. У 2004 годзе ў Браціславе славацкія тэнісісткі перамаглі з лікам 4:0 і захавалі прапіску ў элітным дывізіёне. У сусветным рэйтынгу жаночых каманд Беларусь цяпер займае 4-е месца, Славакія знаходзіцца на 11-й пазіцыі.

У гэтым сезоне Кубка Федэрацыі беларускі ўступілі камандзе Германіі (2:3) у чвэрцьфінале Сусветнай групы, а славацкія тэнісісткі ў дамашнім матчы другога дывізіёна перамаглі расіянак у першым раўндзе другой Сусветнай групы з лікам 4:1.

Акрамя матчу ў Менску ў гэты ўік-энд барацьбу за права згуляць у Сусветнай групе павядуць яшчэ тры пары каманд: Румынія – Швейцарыя, Аўстралія – Нідэрланды, Італія – Бельгія. Таксама 21 і 22 красавіка адбудуцца паўфінальныя матчы Кубка Федэрацыі – у Штутгарце нямецкія тэнісісткі будуць сапернічаць з камандай Чэхіі, а ў Экс-ан-Правансе зборная Францыі прыме амерыканак.

Вырашальны матч адбудзецца 10-11 лістапада на пляцоўцы аднаго з фіналістаў. У фінале мінулага года беларускія тэнісісткі ўступілі ў Менску зборнай ЗША з лікам 2:3.

belta.by