Сасновіч выйшла ў чвэрцьфінал турніру ў Берліне



Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч (38-ы нумар сусветнага рэйтынгу) святкавала другую перамогу на турніры катэгорыі WTA-500 у Берліне з прызавым фондам 611 тысяч еўра. У другім раундзе спаборніцтваў беларуска за паўтары гадзіны абыграла ў дзвюх партыях прадстаўніцу Германіі Андрэа Петкавіч – 6:4, 6:4. У чвэрцьфінале суперніцай Аляксандры будзе пераможца сустрэчы паміж чацвёртай ракеткай планеты Унс Джабір з Туніса і 169-й у рэйтынгу амерыканкай Алісіяй Паркс.

Спунэр вяртаецца ў менскае „Дынама”
Хакейнае менскае „Дынама” дасягнула дамоўленасці аб падпісанні кантракта з канадскім нападнікам Раянам Спунэрам. 30-гадовы форвард ужо выступаў за „зуброў” і за 79 матчаў у джэрсі „Дынама” набраў 76 (16+60) ачкоў. Мінулы сезон канадзец правёў у екацярынбургскім „Аўтамабілісце”, у складзе якога зарабіў 34 балы ў 45 сустрэчах.

„Вікторыя” зраўняла лік у серыі за золата жаночага чэмпіянату Беларусі па хакеі на траве
Спартоўкі „Вікторыі” са Смалявічаў зраўнялі лік у фінальнай серыі жаночага чэмпіянату Беларусі па хакеі на траве. У другой сустрэчы ў Гародні дзеючыя чэмпіёнкі краіны адолелі ў серыі пасляматчавых булітаў мясцовы „Рытм” – 4:3. Напярэдадні гарадзенская каманда перамагла з сухім лікам 3:0. Дзве наступныя сустрэчы адбудуцца 19 і 20 чэрвеня ў Смалявічах.

БАТЭ і „Гомель” даведаліся супернікаў у кваліфікацыі Лігі канферэнцый
У штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне прайшло лёсаванне 2-га кваліфікацыйнага раунда Лігі канферэнцый. Віцэ-чэмпіён Беларусі барысаўскі БАТЭ сустрэнецца з турэцкім клубам „Каньяспор”. Уладальнікі Кубка Беларусі футбалісты „Гомеля” згуляюць з грэчаскім „Арысам”. Сустрэчы адбудуцца 21 і 28 ліпеня.

Луіс Суарэс пяройдзе ў „Рывер Плэйт” свабодным агентам
Луіс Суарэс можа працягнуць кар’еру ў Аргенціне. El Observador са спасылкай на Radio Mitre паведамляе, што 35-гадовы нападнік дасягнуў пагаднення з „Рывер Плэйтам”. Сцвярджаецца, што на гэтых выходных форвард адправіцца ў Буэнас-Айрэс, каб завяршыць працэс пераходу. Пасля гэтага клуб афіцыйна аб’явіць аб трансферы. Нападнік плануе паехаць на ЧС-2022 у лепшай форме. Уругваец далучыцца да новай каманды свабодным агентам. Тэрмін дзеяння яго кантракта з „Атлетыка” скончыўся. У мінулым сезоне Ла Лігі Суарэс правёў 35 матчаў, у якіх забіў 11 галоў і зрабіў 2 перадачы.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]